У Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбакоў (БТПР) паведамілі, што дазволы вырашылі разыгрываць праз адмысловую праграму. Першыя сем паляўнічых, якія выйгралі ў гэтай лятарэі, так і не здабылі мядзьведзя: хтосьці банальна так і ня ўбачыў зьвера, а хтосьці не адважыўся страляць на вялікай адлегласьці.
15 ліпеня ў БТПР вызначылі наступных уладальнікаў дазволаў на паляваньне. Адным зь іх быў Дзяніс Клімец зь Берасьцейскай вобласьці. Ён паехаў паляваць у Віцебскую паляўнічую гаспадарку і забіў мядзьведзя.
Улады Беларусі свой дазвол на паляваньне апраўдваюць тым, што апошнімі гадамі вырасла колькасьць гэтых дзікіх жывёлаў. І мядзьведзі, застаючыся ў Чырвонай кнізе Беларусі, цяпер адначасова ўпісаныя ў пералік нармаваных паляўнічых жывёлаў.
У Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбакоў паведамілі, што сёлета для адстрэлу заплянавалі каля 20 асобін мядзьведзя і столькі ж дазволаў прададуць, у тым ліку праз аўкцыён 1 жніўня. У яго дапусьцяць паляўнічых з стажам, большым за тры гады.
Цана дазволу: для грамадзян Беларусі і краін Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС) — 500 беларускіх рублёў, для грамадзян іншых замежных дзяржаваў — 1000.
Паляваньне адкрыецца 1 ліпеня і будзе дазволена па 31 сьнежня. Дазваляецца паляваньне з стрэльбай на мядзьведзя любога полу і ўзросту. Паляваць можна цягам содняў з засады, з падыходу ў прысутнасьці кіраўніка паляваньня. Пры гэтым можна выкарыстоўваць:
- наразную паляўнічую зброю; пералік патронаў (калібраў), дазволеных для здабычы мядзьведзя, вызначаны пастановай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 20 лютага 2025 г. № 3;
- гладкаствольную паляўнічую зброю, ня меншую за 16-ы калібр, з выкарыстаньнем патронаў, забясьпечаных куляй;
- паляўнічых сабак: пароды адпаведна рашэньню карыстальніка абшару паляваньня.
Хто дамагаўся дазволу паляваць
Указ, які карэктуе правілы паляваньня і вядзеньня паляўнічай гаспадаркі, Аляксандар Лукашэнка падпісаў 18 лістапада 2024 году. Указ дазваляе паляваньне на мядзьведзя і рысь у «асаблівым рэжыме», каб «кантралявана рэгуляваць іх колькасьць на падставе плянаў кіраваньня папуляцыямі, якія распрацоўваюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі».
Указ дае Міністэрству лясной гаспадаркі паўнамоцтвы на «вызначэньне пераліку патронаў (калібраў) наразной паляўнічай зброі, дазволеных для здабычы паляўнічых жывёлаў у залежнасьці ад віду і (або) узросту».
Раней паведамлялі, што ў Беларусі плянуецца панізіць прыродаахоўны статус зубра, эўрапейскай рысі, мядзьведзя і барсука звычайнага. У новае выданьне Чырвонай кнігі ў 2025 годзе, якое яшчэ рыхтуецца, бураму мядзьведзю, у прыватнасьці, прапануецца зьнізіць статус аховы з I на IV.
Першую катэгорыю нацыянальнай прыродаахоўнай значнасьці маюць дзікія жывёлы і дзікарослыя расьліны з найвышэйшай рызыкай зьнікненьня, чацьвёртую — тыя, колькасьць якіх «схільная да ваганьняў».
19 кастрычніка 2022 году старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбакоў, былы міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч выказаў думку, што «з гледзішча прыродаахоўнай дзейнасьці Чырвоная кніга — рудымэнтарны інструмэнт».
Форум