Глядзіце інтэрвію цалкам.
Тут фрагмэнты
«Насамрэч Сяргею падабаецца, што ён такі стройны»
— Празь некалькі дзён пасьля вызваленьня Сяргей Ціханоўскі сустрэўся з прэзыдэнтам і міністрам замежных справаў Польшчы. Ён быў у клясычным гарнітуры. Ці лёгка было знайсьці яму гарнітур пад фігуру? Бо ён моцна страціў вагу, напэўна, ня кожны строй пасаваў бы адразу. Ці вы разам выбіралі?
— А калі я яго забрала з амбасады ЗША, то мы напрасткі паехалі ў краму, каб купіць яму рэчы для жыцьця — джынсы, майкі. Ён хацеў пазбавіцца турэмнага адзеньня. Калі стала зразумела, што ён паедзе на сустрэчу зь міністрам Сікорскім і прэзыдэнтам Дудам, калі трэба было выглядаць адпаведна, ён сам выбраў сабе гарнітур. Не было ў мяне часу яго суправаджаць. Насамрэч яму падабаецца, што ён такі вось стройны. Вядома, гэтая худзізна нездаровая. Трэба масу цягліцаў нарасьціць, трэба, каб ён спажываў шмат бялку, але цяпер яму падабаецца, што ён такі акуратны, стройны ў гарнітуры. Сам выбіраў, яму дапамаглі яго знаёмыя, і зараз ён адчувае сябе ў гарнітурах, як быццам нарадзіўся ў іх.
— Якія брэнды джынсаў, гарнітура? Ці Сяргей увогуле разьбіраецца ў гэтым, ці гэта для яго мае значэньне?
— Ён ніколі ня быў моднікам. Усё, што яму пасуе, што яму спадабаецца, тое ён і купіць. Я не глядзела насамрэч на брэнды, бо для мяне таксама не адыгрывае ніякай ролі, якія брэнды ў яго гарнітура. Калі я яму купляла адзеньне, а я вельмі эканомны чалавек, то мы мы няшмат грошай заплацілі. Мне для яго нічога не шкада, але каб было ў разумных межах.
«Як жонка я не зьмянілася, мая задача зрабіць так, каб у яго было адчуваньне, што ён галоўны ў доме»
— Усе заўважылі, як зьмяніўся ваш стыль ад пачатку выбарчай кампаніі. Калі Сяргей праз 5 гадоў пабачыў вашу новую фрызуру, новы стыль, як ён успрыняў гэтыя зьмены?
— Яшчэ два гады пасьля 2020-га ў турму да яго даходзіла інфармацыя. Ён бачыў фатаграфіі, разумеў, што я зараз не выглядаю так, як ён прывык мяне бачыць. Ён разумеў, што мне патрэбна і выглядаць адпаведна, і паводзіць сябе адпаведна, і таму — ну не было такога «ваў»-уражаньня. Ён бачыў мяне на фатаграфіях, і прапагандысцкія відэа яму таксама паказвалі. Мы шмат увагі гэтаму не надаём.
— Я размаўляла раней з вашымі дарадцамі, з памочнікамі, і яны казалі пра вашыя моцныя лідэрскія якасьці, што вы можаце быць і вельмі жорсткай, і часам падначаленыя нават пабойваюцца вас. Ці гэта Сяргей адчуваў у сямʼі раней? Ці цяпер адчуў у вас лідэрку?
— Ён разумее, што я зьмянілася, што я стала больш патрабавальнай, што ў мяне ўжо іншыя абавязкі. Але ён заўважыў, што як жонка я не зьмянілася, што ўвесь гэты час пасьля вызваленьня я спрабую атачыць яго клопатам, цеплынёй. Сяргей ніколі ня бачыў мяне ў кіраўнічай ролі, а цяпер ён бачыць, што мы змаглі пабудаваць цэлыя інстытуты, дзе я адыгрываю адну з ключавых роляў. І цяпер ён раіцца ў многіх пытаньнях, разумее, што я магу лепш арыентавацца ў палітычных працэсах. Ён бачыць, што мяне стала нашмат цяжэй пакрыўдзіць звонку, што я не зьвяртаю ўвагі на дэструктыўную крытыку. Раней я была вельмі эмацыйным чалавекам. Ён кажа: «Ты лідэр у палітычным жыцьці, у грамадзкім жыцьці, а дома я ўсё роўна буду галоўным». Ну добра. Мая задача зрабіць так, каб у яго было адчуваньне, што ён галоўны ў доме.
— Ці Сяргей гаворыць па-ангельску? Калі адбываюцца сустрэчы на высокім узроўні, якім чынам ён камунікуе?
— Ён расказваў, што за кратамі ў яго была адна вельмі старая кніжка-падручнік ангельскай мовы, і ён сам з сабой размаўляў на ангельскай. Вучыў, чытаў. Я думаю, што зь цягам часу яго ангельская мова ўзмацніцца. Ён спрабуе гаварыць па-ангельску. Зараз мы працуем, вядома, зь перакладнікам, бо ўсе свае думкі ён выказаць ня можа. Ён вельмі добра чытае. Калі ў нас у Вільні быў брыфінг для амбасадараў з усіх краін, то ён прачытаў свой сьпіч на ангельскай мове, а потым ужо, калі задавалі пытаньні, то, вядома, перакладалі. Але гэта пытаньне часу. Яму цікава вучыцца, больш размаўляць на ангельскай мове. Калі ён ставіць сабе мэту, то ён яе дабіваецца.
— Нядаўна Сяргей Ціханоўскі наведаў віленскі офіс Радыё Свабода і даў вялікае інтэрвію Алесю Пілецкаму. І калі запыталіся Сяргея, як яго назваць, ён сказаў: «як першага джэнтэльмэна». А ён так сябе вельмі часта называе цяпер. Ці вы абгаварылі, якія абавязкі ў першага джэнтэльмэна?
— Мы расказалі яму, што ёсьць пратакол, як сябе паводзіць на сустрэчах высокага ўзроўню. Ён жа вельмі эмацыйны, як агонь, як ураган, але ж там трэба сябе паводзіць больш дыпляматычна. Я бачу, што яму час ад часу цяжка нейкую дыстанцыю трымаць і ў мове, і ў выкарыстаньні эмоцый ці жэстаў. Ён навучыцца.
— А калі глядзець на традыцыйныя ролі першых лэдзі і джэнтэльмэнаў, то звычайна яны нейкімі гуманітарнымі пытаньнямі займаюцца, не палітычнымі...
— Слухайце, мы, вядома, разумеем, што гэта жарт — пра першага джэнтэльмэна. Мы разумеем, што Сяргей — лідэр па натуры, і ён яшчэ сябе пакажа вельмі моцна. Тут ня трэба яго абмяжоўваць рольлю толькі першага джэнтэльмэна. Ён сябе больш моцна і ўпэўнена адчувае ў камунікацыі зь людзьмі. Я думаю, што ў яго будуць блогерскія задачы. Як ён сам кажа: яго зброя — гэта слова. Ён вельмі добра і ўпэўнена валодае гэтай зброяй, і таму праз камунікацыю зь беларусамі, я ўпэўнена, ён зможа натхніць, заахвоціць людзей больш уваходзіць і ў палітычныя справы, і ў грамадзкія... Я думаю, што ён зможа прыцягнуць да беларускага пытаньня і ўвагу іншаземцаў, і, магчыма, дапаможа лепш арганізаваць беларусаў замежжа, але для мяне ён усё ж такі рупар беларусаў у Беларусі.
«Зрабіла б усё гэтак жа, пайшла б у тую кампанію дзеля мужа»
— Вяртаючыся ў 2020 год, што б вы зрабілі інакш?
— Гэта цяжкае пытаньне для кожнага з нас. З аднаго боку, разумеем, што мы ня думалі пра такія наступствы, мы ня думалі, што жыцьцё памяняецца так моцна, мы не хацелі б праходзіць праз увесь гэты гвалт, празь які праходзіць наша нацыя. Гэта страчаныя жыцьці, страчаныя гады ў турмах, страчаныя гады безь дзяцей, бацькоў, тое, што ў эміграцыі таксама жыцьцё ня мёд. Але ж, зь іншага боку, я думаю, што мы павінны прайсьці гэты шлях, каб умацавалася наша нацыя, каб мы больш зразумелі, што адзін без аднаго, што безь любові да краіны, што бяз вось гэтага пачуцьця, што беларус беларусу беларус, мы бы не расквітнелі як нацыя, мы і далей жылі б у сваіх семʼях, ня дбалі б пра вялікую палітыку, пра ўзаемаадносіны зь іншымі краінамі; што б нам гаварылі, тое мы б і рабілі. І гэты росквіт павагі адзін да аднаго — моцны крок для нас як для нацыі. І таму, гледзячы назад, я зрабіла б усё гэтак жа, я пайшла б у тую кампанію дзеля мужа, потым разам зь беларусамі вучылася б любіць адзін аднаго, вучылася любіць радзіму, а ня ўрад, а не аднаго чалавека ва ўрадзе. Мы зрабілі тое, што мы мусілі рабіць. І я буду працягваць сваю працу, бо я абяцала беларусам.
— Пра вас здымалі дакумэнтальныя фільмы. А ці зьвярталіся да вас кінакампаніі, рэжысэры, якія хацелі зрабіць кіно, сэрыял пра вашу асабістую гісторыю, пра гісторыю Сяргея, вашай сям’і? І як бы вы да гэтага паставіліся?
— На гэты момант я ня ведаю пра такія прапановы. У Сяргея ёсьць ідэя зьняць самому ці пры дапамозе вялікіх кампаніяў фільм пра Беларусь, пра адчуваньне беларуса, пра нашу барацьбу. Наша сытуацыя насамрэч заслугоўвае вялікага фільму, можа і сэрыялу нават, бо так шмат лёсаў перапляліся, так шмат людзі ахвяруюць сабой і так шмат энэргіі прынесла наша рэвалюцыя ў Беларусь, што гэта варта экранізацыі.
«Мы не канкурэнты адно аднаму»
— Выглядае малаімаверна, але калі Сяргей скажа: «Ну, кідай усё, давай вось вернемся ў сытуацыю 2020 году, ты дома зь дзецьмі, а я гэтым займаюся» — ці пагадзіліся б?
— Я ня бачу ніводнай прычыны, каб ён такое мог прапанаваць, бо мы робім адну справу, мы змагаемся за адну мэту, мы абодва хочам вярнуцца ў Беларусь, і мы не канкурэнты адно аднаму, мы арганічна дапамагаем адно аднаму. Я рада, што ён гатовы падтрымліваць мяне далей, а для нашага агульнага руху яго энэргія дасьць новы штуршок.
Форум