«Мы гаворым аб рэзкім росьце колькасьці выпадкаў шпіянажу і гібрыдных захадаў. Падыход стаў больш масавым і агрэсіўным», — прыводзіць DW яе словы ў інтэрвію агенцтву dpa.
Розэнбэрг паведаміла, што расейскія спэцслужбы «пашыраюць свой інструмэнтар». У прыватнасьці, яны спрабуюць шпіёніць за вайсковымі аб’ектамі і навучальнымі цэнтрамі для вайскоўцаў з дапамогай бесьпілётнікаў. Спэцслужбы ФРГ заўважылі падобныя спробы на вайсковым палігоне ў Вільдфлекене і на вайсковых базах у Баварыі і Райнлянд-Пфальцы.
Расейскія агенты, паводле яе, працягваюць заяжджаць у Нямеччыну праз трэція краіны.
«Яны спрабуюць выстройваць адносіны ці падставы для даверу. Існуе таксама рызыка, што іх абʼектамі стануць асобы з расейскімі каранямі і этнічныя немцы — рэпатрыянты або тыя, хто зьвязаны з Расеяй», — адзначыла яна.
Раней кіраўнік нямецкай Фэдэральнай выведнай службы (BND) Бруна Каль заяўяў, што Расея працягвае рыхтавацца да рэальнай ваеннай канфрантацыі з краінамі Захаду, але перад гэтым можа спрабаваць дамагчыся разьяднанасьці чальцоў NATO.
Паводле кіраўніка нямецкай выведкі, поўнамаштабнаму нападу Расеі будуць папярэднічаць лякальныя апэрацыі дзеля праверкі статуту NATO на трываласьць. Пра гэта Бруна Каль заявіў, выступаючы 27 лістапада на падзеі, арганізаванай Нямецкім таварыствам замежнай палітыкі.
Форум