Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад свайго імя прашу ня крыўдзіцца, калі Сяргей выступае з рэзкімі заявамі». Ціханоўская падзяліся тым, што звычайна застаецца па-за кадрам


Сяргей і Сьвятлана Ціханоўская на прэсавай канфэрэнцыі 22 чэрвеня 2025 году
Сяргей і Сьвятлана Ціханоўская на прэсавай канфэрэнцыі 22 чэрвеня 2025 году

У відэаінтэрвію Свабодзе лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская расказвае, як зьмянілася яе праца і асабістае жыцьцё пасьля вызваленьня мужа з турмы.

Цалкам інтэрвію даступнае на відэа на youtube-канале Свабода Premium.

Тут фрагмэнт размовы.

Пра рэзкія заявы і стаўленьне да парадаў

— У вас розныя стылі з мужам. Вы — вытрыманая, уважлівая да кожнага сказанага слова. Сяргей эмацыйны, часам рэзкі. На першай прэсавай канфэрэнцыі ён у вас пытаўся часам: «Ці слушна я сказаў, ці не нагаварыў лішняга?» Як вы гэты балянс знаходзіце?

— Вядома, мы гэты балянс павінны выпрацаваць. Ён прыслухоўваецца, калі я раблю нейкія заўвагі, што ён ужо ня ў той стэп пайшоў. У мяне іншая роля, я не магу сабе дазволіць сказаць тое, што можа ён. Можа, гэта і някепска. Я бачу, што ён прынёс нейкую новую энэргію ў наш рух. Можа, мы час ад часу сябе штучна абмяжоўваем, каб не сказаць лішняга, нікога не пакрыўдзіць, бо павінны разумець наступствы нейкіх выказваньняў. Сяргей зараз не пазыцыянуе сябе як палітык. Ён — чалавек, які камунікуе зь беларусамі, які кажа ўсё, што ён думае. Калі гэта некага крыўдзіць, я думаю, што мы можам на дадзены момант паставіцца да гэтага з разуменьнем, бо шмат чаго чалавек прапусціў. Можа, некага ягоныя словы пакрыўдзяць, але мы павінны разумець, што ён пяць гадоў правёў у ізаляцыі.

Ён пяць гадоў ня меў магчымасьці ні з кім пагаварыць, думкамі падзяліцца. І зараз яму гэта патрэбна, яму патрэбна абдымацца з людзьмі, яму патрэбна адчуць настрой, яму патрэбна выказаць усё, што ён захоўваў усе гэтыя пяць гадоў. Таму я ад свайго імя прашу ня крыўдзіцца, калі Сяргей выступае зь нейкімі рэзкімі заявамі. Ён ня ўсё можа адчуць. Гэта ўсё выправіцца, скарэктуецца з часам. І ён зможа зразумець нейкія межы, якія нельга перасякаць, ня будзе абвінавачваць беларусаў, што яны зрабілі недастаткова ці мала зрабілі. Мы яму тлумачым, якая была сытуацыя. Я ўжо ня першы раз чую, што калі людзі выходзяць з турмаў, ім здаецца, што ўсё робіцца ня так, што вось я зараз прыйду і зраблю ўсё па-новаму, як трэба. А потым разумеюць рэаліі... Трэба разумець, што ня ўсё так лёгка, няма простых адказаў на цяжкія пытаньні.

— Ці ёсьць у Сяргея дарадцы? Ці ён прыслухоўваецца да парадаў?

— На гэты момант дарадцы ў палітычных пытаньнях у яго няма. Для яго самы галоўны палітык — гэта Сьвятлана Ціханоўская. Але ён зьбірае каманду. Ён кажа, што прывык працаваць адзін, але, безумоўна, яму патрэбная каманда, каб рэалізоўваць усе свае пляны і ідэі. Вядома, напачатку мае дарадцы, Офіс, Аб’яднаны пераходны кабінэт нешта раяць. Мы дапамагаем яму з кантактамі, з вэрыфікацыяй. Але ён такі чалавек, што на яго немагчыма ўплываць. Калі яму гэта не адгукаецца, ён скажа: «Добра, я вас пачуў», але зробіць так, як яму здаецца слушным.

— Вядома, наколькі шчыльны ў вас працоўны графік. Вы практычна круглы год у паездках з рознымі візытамі. Атрымліваецца, ён проста ня будзе мець шмат магчымасьцяў вас бачыць праз гэты напружаны графік. Ці вы будзеце гэты графік карэктаваць, каб часьцей бачыцца? Ці Сяргей будзе з вамі на сустрэчах?

— Думаю, што будзе па-рознаму. Будзем спрабаваць праводзіць час разам зь сямʼёй, зь дзеткамі. Яму вельмі важна нагнаць гэтыя пяць страчаных гадоў зь дзецьмі. Наша дачка правяла больш за палову свайго жыцьця бяз бацькі, і ён упусьціў вельмі шмат момантаў. Яму хочацца пачытаць ёй кніжкі, са старэйшым сынам пагуляць у новыя гульні, якіх яшчэ не было, калі ён сеў у турму. Сын Сяргею расказвае, што такое штучны інтэлект, як ён працуе. Гэта ўсё ў навінку для Сяргея, таму ім цікава разам. Мой сын вельмі падкаваны зараз у палітыцы, яны размаўляюць і пра Ўкраіну, і пра Беларусь.


Пра партрэты палітвязьняў і адчуваньне 2020 году

— На першай прэсавай канфэрэнцыі, потым у некаторых інтэрвію Сяргей казаў, што ня ведае, чым там Офіс Ціханоўскай займаецца. Ці вы расказваеце яму, чым займаецца Офіс?

— Патрэбен час. Ён разумее, што ёсьць Офіс, што ёсьць Абʼяднаны пераходны кабінэт, Каардынацыйная рада. Яму трэба зразумець, як мы камунікуем, як мы каардынуемся, як працуем з грамадзянскай супольнасьцю, з мэдыя. То бок гэта пытаньне часу, калі ён увальецца ў наш рух. Ён пяць гадоў выношваў свае пляны, свае думкі, як ён будзе працаваць, калі будзе на свабодзе. І, вядома, зараз у яго плянаў шмат. Яму трэба купіць тэхніку, каб займацца сваёй блогерскай дзейнасьцю, каб працаваць з мэдыя. У яго ў плянах пабачыцца ў розных краінах зь беларусамі, якія яго шмат падтрымлівалі... Напрыклад, у Варшаве на мітынгу ён пачаў гаварыць: чаму вы хаваецеся за маскамі? То бок ён адразу не зразумеў гэтых нюансаў, таму, можа, і пакрыўдзіў беларусаў. Але мы павінны з разуменьнем ставіцца, бо патрэбны час, каб зразумець, што адбывалася ў Беларусі і за яе межамі гэтыя пяць гадоў.

Ён ва ўспамінах застаўся ў 2020-м годзе, калі адчуваў моцную энэргію, калі чэргі стаялі. Ён з такімі ж эмоцыямі і выйшаў. І ён ня ведаў — ці павярхоўна ведаў — якія рэпрэсіі ў Беларусі, якія рэпрэсіі за межамі, як у Беларусі прыгнятаюць родных тых актывістаў, якія працуюць за мяжой, што ёсьць шмат праблем у беларусаў за мяжой, яшчэ больш — у беларусаў унутры краіны. Але ж гэта ўсё скарэктуецца. Для мяне было вельмі важна, што ня трэба было яму тлумачыць асноўныя наратывы наконт рэжыму, наконт Украіны, напрыклад вайны. У яго ёсьць разуменьне, як трэба з рэжымам працаваць, што ніякім чынам ня трэба аслабляць ціск, бо толькі празь ціск можна зьмяніць паводзіны рэжыму. Гэта ня трэба было тлумачыць.

— Вы амаль пяць гадоў на ўсіх міжнародных сустрэчах былі з тэчкай, на якой быў партрэт Сяргея. Цяпер я бачу на сустрэчах, на нейкіх падзеях партрэты Алеся Бяляцкага, Анджэя Пачобута. Ці вы будзеце цяпер кожны раз пра розных палітзьняволеных такім чынам нагадваць?

Сьвятлана Ціханоўская з партрэтам Алеся Бяляцкага ў Эўрапейскім Парлямэнце ў Брусэлі. 15 ліпеня 2025 году
Сьвятлана Ціханоўская з партрэтам Алеся Бяляцкага ў Эўрапейскім Парлямэнце ў Брусэлі. 15 ліпеня 2025 году

— Я пастараюся на кожны візыт браць фота розных палітвязьняў і расказваць іх гісторыі. Раней быў Сяргей, пра яго ўсе ведалі. А ў турмах мноства людзей — таленавітых, яркіх, цудоўных, імёны якіх не гучаць так часта. Пачынаецца, напрыклад, сустрэча, у мяне на стале партрэт палітвязьня. Пытаюць: «А хто гэта?» І праз вось гэтую тэчку я магу расказваць кожны раз новую гісторыю. Калі я даю інтэрвію замежным СМІ, яны таксама пытаюць: «А хто ў вас на партрэце?» У мяне будзе магчымасьць празь лёсы гэтых людзей, праз нашых герояў-палітвязьняў тлумачыць, што людзі ў турмах, што нічога ня скончылася, што рэпрэсіі працягваюцца. І так больш людзей даведаюцца і пра Беларусь, пра лёс нашай краіны, пра нашых палітвязьняў, пра гуманітарны палітычны крызіс, што ўсё яшчэ пануе ў краіне.


Пра фірмовую страву Ціханоўскага

— Вы казалі, што да падзеяў 2020 году былі дома, займаліся дзецьмі, займаліся рэабілітацыяй сына, чакалі мужа з смачнай ежай. Цяпер вы лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі, вас называюць абранай прэзыдэнткай Беларусі. Вы вельмі занятая, ён таксама вельмі заняты цяпер. Як вы вырашылі падзяляць хатнія абавязкі? Хто за што адказны? Хто гатуе, хто падлогу мые? Сяргей недзе ў інтэрвію сказаў, што вы падлогу мыеце, так? Хто гэтыя знакамітыя катлеты смажыць?

— Гэтага мы не абмяркоўвалі, гэта будзе натуральным чынам адбывацца. Хто свабодны, той і будзе браць на сябе хатнія абавязкі. Я памятаю, як ён прыйшоў, кажа: «Вось у цябе тут павуціньне, трэба зьняць». Вядома, гэта была спасылка на той час, калі ён адбываў незаконнае пакараньне, калі яго маглі пасадзіць у ШЫЗА за павуціньне ці за пыл. І таму ён кажа: «Я буду табе дапамагаць». Я кажу: «Добра, бо ў мяне ня так шмат часу». Я рада, што зараз можна разьдзяліць гэтыя абавязкі зь Сяргеем. Насамрэч раней у нашым тым жыцьці ў яго не было ніякіх хатніх абавязкаў, бо па змоўчаньні я была дома, я магла гэта рабіць, ён шмат працаваў. Зараз я бачу, як ён гатовы неяк аблегчыць гэтыя абавязкі з майго боку. Я спадзяюся, што не перагарыць.

— А ці ўмее ён гатаваць?

— Ён заўжды ўмеў гатаваць. Калі была такая магчымасьць, у тым жыцьці ён гатаваў асабіста для гасьцей. Ён вельмі любіць гасьцей. І мы бачылі гэта на фэсьце «Тутака», што ён гатаваў, смажыў «катлеты па-Ціханоўску». Ён вельмі гасьцінны. Будзе ў мяне час — буду я гатаваць, у яго будзе — будзе ён. Зараз гэта ўжо не крытычна. Калі ён прыходзіць раней дадому, то і дзяцей пакорміць, і мне можа прыгатаваць. Калі я кажу, што есьці хачу, ён мне кажа: «Сядзі, працуй, працуй, я сам усё зраблю».

— А што ён любіць гатаваць, якая яго фірмовая страва?

— Калі ў яго натхненьне, то ён мог прыгатаваць усё што заўгодна. Больш любіў шашлык гатаваць, каб госьці былі вакол. Нейкія празаічныя рэчы штодзённыя — гэта не для яго. Ён — такі чалавек-тарнада, каб нешта смачненькае такое, ня проста там разагрэшка і так далей.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG