14 ліпеня Лукашэнка на сустрэчы з губэрнатарам Санкт-Пецярбургу Аляксандрам Бягловым зноў закрануў праблему росту цэнаў. Ён сказаў, што «нічога ня трэба рэгуляваць», але варта «ўстанавіць цану справядлівасьці». То бок нейкае значэньне цаны, вышэй за якое пэўны тавар прадаваць нельга.
Пры гэтым цэны ў Беларусі вырасьлі на 7,3% з пачатку году. Цэны на тавары і паслугі, якія рэгулюе дзяржава, вырасьлі на 5,7%. А найбольш падаражэла садавіна і гародніна — на 17,6%.
У пляне ўладаў Беларусі агульная інфляцыя мусіла скласьці ня больш за 5%. Як так атрымалася, якія тавары даражэюць сама больш, у чым шкода такой палітыкі?
Агуркі +44,6%, бульба +33,8%
Ёсьць прадукты, якія падаражэлі нашмат больш за сярэдні паказьнік інфляцыі. Перадусім гародніна. Напрыклад, агуркі год таму ў чэрвені каштавалі 3,7 рубля за кіляграм, цяпер ужо 5,55. Рост амаль напалову — плюс 44,6%. Гэта вынікае з афіцыйнай статыстыкі Белстату. Паводле тых жа зьвестак, памідоры за год падаражэлі на 13,4%, часнык — на 13,5%.
Ёсьць гародніна, цэны на якую вырасьлі менш за абазначаную інфляцыю. Салодкі перац падаражэў на 2,94%, а буракі наагул патаньнелі на 16 капеек. Усе гэтыя прадукты ўваходзяць у пералік тавараў, на якія ўведзены максымальна дапушчальныя цэны. Гэтыя цэны рэгулюе ўрад адпаведна сваёй пастанове. Што да мяса, ялавічына за год падаражэла на 11,8%, сьвініна — на 8%, курыца — на 1,6% (кураняты-бройлеры). Максымальна дапушчальныя цэны на гэтыя тавары таксама рэгулюе ўрад.
Вырасьлі ў цане і малочныя прадукты. Малако падаражэла на 12,7%, кефір — на 10,7%, сьмятана — на 10,5%, тварог — на 11%. Падаражэньне гэтых прадуктаў таксама кантралюе дзяржава. Хлеб за год вырас у цане на 12,2%. І цана на хлеб таксама была пад увагай дзяржавы.
Квасу няма ў пераліку тавараў, максымальныя цэны на якія вызначае дзяржава. За год ён падаражэў на 6,7%. Няма кантролю і за кетчупам, за год ён патаньнеў на 4 капейкі, ці на 0,31%.
Аднак такая тэндэнцыя праглядаецца не для ўсіх прадуктаў. Напрыклад, цэны на каву таксама не рэгулююць, за год яна падаражэла на траціну, гарбата — на 10%.
«Рэгуляцыя цэнаў — гэта перабоі з таварамі»
Кантроль за цэнамі наўпрост уплывае нават на якасьць тавару. На гэта ў размове з Свабодай зважае Анастасія Лузгіна, старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру BEROC.
«Кампаніі абмежаваныя ў магчымасьці падымаць цэны, таму калі ў іх страты, яны могуць замяняць больш якасныя інгрэдыенты на таньнейшыя. Гэта трэба, каб укласьціся ў межы, якія задала дзяржава», — кажа эканамістка.
Таксама такі кантроль прыводзіць да дэфіцыту тавараў, як было з бульбай, а пасьля з цыбуляй, нагадвае экспэртка. Апроч таго, кантроль цэнаў дзяржаваю вядзе да праблемаў на саміх прадпрыемствах-вытворцах, працягвае суразмоўца.
«Кампаніі ня могуць павышаць цэны розным чынам, так, як яны лічаць патрэбным. У выніку пагаршаецца эфэктыўнасьць працы кампаніі, гэта нават бачна ў леташняй статыстыцы, бо зьнізілася рэнтабэльнасьць шмат якіх вытворцаў», — заўважае экспэртка.
Калі ж кантроль у такіх умовах здымаюць, гэта прыводзіць да рэзкага скачка цэнаў. Гэта акурат і адбываецца ў Беларусі з цэнамі, мяркуе эканамістка. Бо сёлета з-пад кантролю цаны вывелі шэраг тавараў.
У красавіку 2022 году Лукашэнка забараніў рост цэнаў, а за іх павышэньне пачалі караць крамы. Пасьля падымаць цэны дазволілі толькі ў пэўных межах, а больш за гэтыя межы — з дазволу мясцовых уладаў. Таксама ўлады склалі сьпіс тавараў, цэны на якія абмежавалі. Сёлета ў красавіку з-пад рэгуляцыі цэнаў вывелі 120 таварных пазыцыяў. Для вытворцаў тавараў, цэны на якія рэгулююцца, увялі дапушчальную норму рэнтабэльнасьці. То бок працягнулі абмежаваньне іх росту пэўным калідорам.
Форум