Былы палітвязень Сяргей Ціханоўскі просіць беларусаў аб дапамозе, паведаміў фонд салідарнасьці BySol. На сайце фонду абвешчаны збор для блогера і палітыка.
Вызвалены пасьля сустрэчы спэцыяльнага пасланьніка ЗША для Ўкраіны Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам 21 чэрвеня Ціханоўскі ў апісаньні збору адзначае:
«Мая жонка — лідэр дэмакратычных сілаў, але гэта ня значыць, што за маёй сьпінай неабмежаваныя рэсурсы, а мае праблемы са здароўем вырашаюцца аўтаматычна».
«Маё аднаўленьне — выклік для мяне, як і для кожнага, хто прайшоў праз турму», — адзначыў Ціханоўскі.
Ён хоча «паправіць здароўе, вярнуць сваю сілу і працягваць быць карысным».
Сума збору складае 8 тыс. эўра. Уся сума прызначана для вырашэньня праблем са здароўем: праходжаньня УГД, МРТ, аналізаў, кансультацыяў лекараў (2500 эўра), пратэзаваньня зубоў (4500 эўра), карэкцыі зроку (1000 эўра).
Акцыя разьлічаная на 60 дзён. Ужо сабрана больш за 2,5 тыс. эўра.
Раней беларусы за дзевяць гадзін сабралі сродкі на базавыя патрэбы для былой палітзьняволенай, экс-выкладчыцы Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальлі Дулінай.
Менш чым за содні была сабраная сума на базавыя патрэбы, якую папрасіў вывезены ў Літву 64-гадовы палітвязень Сяргей Шэлег.
Сабраныя грошы і яшчэ для аднаго вывезенага ў Літву палітвязьня — 21-гадовага Кірылы Балахонава.
Сярод вызваленых у чэрвені палітвязьняў — відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, былы супрацоўнік Радыё Свабода Ігар Карней, выкладчыца італьянскай мовы Натальля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і швэдзкага грамадзянства Галіна Красьнянская, бізнэсмэн Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чату «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта» Кірыла Балахонаў.
Таксама былі вызваленыя Алан Раё (грамадзянін Эстоніі), Юрыйс Ганінс і Дмітрыйс Міхайлаўс (грамадзяне Латвіі). Акрамя гэтага, паводле зьвестак СМІ, на волю выйшаў Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Польшчы).
Імёны яшчэ траіх афіцыйна не названыя, яны грамадзяне Польшчы (двое) і Японіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта жарт пра першага джэнтэльмэна». Ціханоўская расказала, як куплялі гарнітур, ці гаворыць муж па-ангельску і хто цяпер у сям’і галоўны