Чым тлумачыцца абвастрэньне міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і Польшчы? Як Варшава ставіцца да спробаў адміністрацыі Дональда Трампа весьці дыялёг з Аляксандрам Лукашэнкам? Чаму Лукашэнка дагэтуль ня вызваліў Анджэя Пачобута?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае польскі палітычны аглядальнік, журналіст выданьня Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі.
Сьцісла
- Назіраецца і рост колькасьці мігрантаў, якія нелегальна спрабуюць перасекчы беларуска-польскую мяжу, і колькасьці выпадкаў агрэсіўных паводзінаў мігрантаў.
- Санкцыі ЭЗ скіраваныя пераважна на экспарт Беларусі ў краіны Зьвязу, бо краіна зарабляе менавіта на экспарце.
- Санкцыі могуць быць скасаваныя ў межах глябальнай угоды па ўрэгуляваньні — міжнароднай «адлігі».
- Перамовы ЗША з Лукашэнкам на гэтым этапе маюць на мэце найперш усталяваньне большага ўзаемнага даверу.
- Анджэя Пачобута Лукашэнка вызваліць апошнім з прычыны важнасьці гэтай асобы для Польшчы.
— Міхал, гэтымі днямі польскія ўрадоўцы зрабілі шэраг даволі рэзкіх заяваў аб абвастрэньні міграцыйнага крызісу на мяжы зь Беларусьсю. У гэтых заявах размова ідзе ў першую чаргу пра больш агрэсіўныя паводзіны мігрантаў ці пра павелічэньне іх патоку?
— І пра адно і пра дргое. Паводле памежнай статыстыкі, павялічваецца і колькасьць мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у ЭЗ праз Польшчу, і колькасьць выпадкаў агрэсіўных паводзінаў мігрантаў. Гэта пакуль яшчэ не абсалютны рэкорд, але спробаў незаконнага перасячэньня мяжы стала больш, чым было напрыканцы 2024 году і напачатку 2025 году. Павялічэньне статыстыкі незаконных спробаў перасекчы мяжу можа тлумачыцца і паляпшэньнем кантролю, тым, што польскія памежнікі сталі лепш маніторыць гэтыя працэсы. Улады ўвесь час павялічваюць інвэстыцыі ў памежную інфраструктуру. Пачынаецца вялікі праект мадэрнізацыі дарогі, якая ідзе ўздоўж усёй мяжы, што дасьць магчымасьць памежнікам больш эфэктыўна супрацьдзейнічаць парушэньням мяжы.
— А як польскія аналітыкі тлумачаць вось гэту новую хвалю міграцыйнага крызісу? У чым, на іх погляд, матыў такіх дзеяньняў Менску і, магчыма, ускосна Масквы?
— Мне падаецца, што тут ёсьць два, а, магчыма, і тры фактары. Першы фактар — гэта ўнутрыпалітычная сытуацыя ў Польшчы. У Польшчы цяпер дэбаты пра бясьпеку, зьвязаную зь міграцыяй — тэма нумар адзін публічнага дыскурсу. І гэта тэма нумар адзін у канфлікце паміж урадавай кааліцыяй і галоўнай апазыцыйнай партыяй «Права і справядлівасьць» (ПіС). Да ПіС належыць і дзейны прэзыдэнт Анджэй Дуда, і яго пераемнік, які прыйдзе да ўлады пасьля 6 жніўня — Караль Наўроцкі.
І таму, каб маніпуляваць гэтымі настроямі ў Польшчы, каб падаграваць гэтыя канфлікты, можна закінуць больш мігрантаў на беларуска-польскую мяжу. Масква і Менск заўсёды імкнуліся падаграваць палітычныя супярэчнасьці ў Польшчы.
Другі фактар, гэта тое, што Лукашэнка і Пуцін спрабуюць падвысіць стаўкі перад магчымай угодай Беларусі і Расеі з ЗША. Мы бачым, што амэрыканцы спрабуюць выбудаваць нейкія кантакты зь беларускім рэжымам. Падвышэньне ставак, паглыбленьне міграцыйнага крызісу, можа, як ні парадаксальна, быць козырам у гэтым гандлі.
Трэцяе — гэта тое, што пасьля пэўнай паўзы ў адносінах паміж Менскам і Пэкінам, Лукашэнка зноў вельмі шчыльна кантактуе з Кітаем. Летась пэўнае аслабленьне вастрыні міграцыйнага крызісу многія экспэрты зьвязвалі зь візытам прэзыдэнта Дуды ў КНР.
Дуда ў Пэкіне папярэдзіў, што калі будзе эскаляцыя міграцыйнага крызісу, Польшча будзе вымушаная спыніць чыгуначны транзыт зь Беларусі. А гэта магло б стаць праблемай для кітайскага экспарту ў ЭЗ. Магчыма, Кітай тады паўзьдзейнічаў на Лукашэнку, і той зьменшыў паток мігрантаў. Ня выключана, што беларуска-кітайскія адносіны з таго часу сталі больш добразычлівымі і з Пэкіну Лукашэнку не турбуюць просьбамі не накіроўваць мігрантаў на штурм мяжы.
— Пэўны час таму, упершыню за дзесяцігодзьдзі, на мяжы Нямеччыны і Польшчы быў адноўлены памежны кантроль. Як гэта ўплывае на паток мігрантаў? І з Польшчы ў Нямеччыну, і зь Беларусі ў Польшчу. Па ідэі мігранты імкнуцца пераважна ў Нямеччыну. Як гэта ў свой час тлумачыў Лукашэнка, маўляў, Ангела Мэркель у свой час запрасіла мігрантаў у Нямеччыну, вось яны туды і рвуцца. Польшча для іх не настолькі прывабная як канчатковы пункт падарожжа.
— Палітыка адкрытых дзьвярэй, якую праводзіла Мэркель, ужо неактуальная некалькіх гадоў. Немцы аднавілі кантроль на мяжы з Польшчай летась, цяпер Польшча зрабіла тое ж самае на мяжы зь Нямеччынай. Аднак варта сказаць, асабліва для беларускай аўдыторыі, што гэты кантроль не такі жорсткі і ўсеахопны, як на польска-беларускай мяжы ці літоўска-беларускай мяжы. Размова ідзе пра выбарачны кантроль падарожнікаў, якія падаюцца памежнікам ці паліцыі падазронымі.
Цяпер мяжу можна перасякаць толькі праз памежныя пераходы паміж Польшчай і Нямеччынай. Раней, як паміж чальцамі Шэнгенскага пагадненьня, можна была пераходзіць мяжу дзе заўгодна. Зараз — не, толькі празь пераходы. А там — выбарачныя праверкі.
Немцы ўжо пачалі вяртаць у Польшчу людзей, якія спрабавалі трапіць у Нямеччыну празь мяжу без законнага права. У Польшчы гэтая практыка выклікала вялікі сацыяльны рэзананс, гэтая тэма абмяркоўвалася падчас прэзыдэнцкай кампаніі і пасьля яе. У выніку польскі ўрад увёў памежны кантроль са свайго боку мяжы. Але мне падаецца, што гэта хутчэй сымбалічнае рашэньне, чым такое, якое будзе мець рэальныя практычныя наступствы.
— Наступнае маё пытаньне пра гандаль Беларусі з Эўразьвязам. З 2019 па 2024 год экспарт зь Беларусі ў ЭЗ упаў утрая. З 4.5 млрд эўра да 1.3 млрд. А імпарт з ЭЗ ў Беларусь не зьмяніўся — каля 7 млрд эўра. І цікава, што самы вялікі імпартэр у Беларусь з ЭЗ — не лагодныя да Лукашэнкі Вугоршчына і Славаччына, якія шлюць сваіх амбасадараў у Менск, а Польшча, якая выступае за жорсткі ціск на беларускі рэжым. А як жа першае месца ў ЭЗ па экспарце ў Беларусь?
— Ну, польская эканоміка нашмат большая, чым вугорская ці славацкая. Зь іншага боку, мы суседзі, польскі бізнэс заўсёды меў у Беларусі больш моцныя пазыцыі, чым, скажам, нямецкі ці францускі. Па-трэцяе, санкцыі меліся ўдарыць менавіта па беларускім экспарце ў ЭЗ, бо дзяржава зарабляе менавіта на экспарце. Экспарт у Беларусь абмяжоўваўся толькі па таварах падвойнага прызначэньня, якія маглі быць выкарыстаныя для дапамогі Расеі ў вядзеньні вайны.
А што тычыцца далейшых санкцыяў на экспарт, то яны прадугледжаныя ў 18-м пакеце, прынятым сёньня. У прыватнасьці, з 1 ліпеня ўводзяцца новыя абмежаваньні на экспарт у ЭЗ беларускіх угнаеньняў.
Санкцыі на азотныя ўгнаеньні з «Гродна Азоту» былі ўведзеныя яшчэ ў 2021 годзе, за рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў — супрацоўнікаў прадпрыемства. Аднак былі створаныя фірмы-«пракладкі», якія пад санкцыі не траплялі і празь якія ішоў экспарт угнаеньняў у ЭЗ. Санкцыі, якія пачнуць дзейнічаць з 1 ліпеня, гэтыя схемы разбураюць, яны робяць такі бізнэс стратным. І санкцыі адносна і Беларусі і Расеі ўзмацняюцца і будуць узмацняцца надалей. Калі толькі ня будзе глябальнага вырашэньня рэгіянальнай напружанасьці, міжнароднай «адлігі», у выніку якой санкцыі будуць скасаваныя.
— А вось якраз пра міжнародную «адлігу». Вы ўжо прыгадалі спробы адміністрацыі Трампа наладзіць дыялёг з Лукашэнкам. Пакуль Вашынгтон абмежаваўся крокам публічнай увагі, накіраваўшы ў Менск на перамовы высокапастаўленага прадстаўніка адміністрацыі Кіта Келага. Ніякіх санкцыяў ЗША пакуль не скасоўвалі. Але як Варшава ў прынцыпе ставіцца да гэтых манэўраў, да гэтых рухаў Вашынгтону адносна Лукашэнкі?
— Са скепсісам, таму што мы такое бачым ужо ня першы раз.
— Ну так. І, наколькі я памятаю, у 2008-2009 гадах адным зь лябістаў уцягваньня Беларусі ў дыялёг зь ЭЗ быў тагачасны і цяперашні кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі.
— Але потым у 2011 годзе Сікорскі стаў ініцыятарам жорсткіх санкцыяў. Тады здавалася, што жорсткіх. Польшча была сярод тых краінаў, якія хацелі б больш, а ня менш санкцыяў адносна Беларусі. І зараз гэтая пазыцыя захоўваецца. Калі глябальнае рашэньне наконт «адлігі» будзе прынятае, то Польшча далучыцца да яго і будзе скасоўваць санкцыі. Але першай дамагацца гэтага яна ня будзе.
Наколькі я разумею, пакуль тое, што адбываецца на лініі Вашынгтон-Менск — гэта спроба будовы хаця б нейкага даверу, каб можна было потым ісьці далей, у тым ліку ў палітычных і санкцыйных пытаньнях.
Спачатку амэрыканцы паслалі ў Менск дастаткова высокапастаўленых чыноўнікаў. А Лукашэнка ўзамен аддаў некалькі палітвязьняў, у тым ліку і такую знакавую асобу, як Сяргей Ціханоўскі. І цяпер бакі крок за крок, праз большы давер, будуць размаўляць пра нешта большае.
Яшчэ ў лютым сёлета The New York Times паведаміла, што адміністрацыя Трампа мае плян угоды з Лукашэнкам, якая прадугледжвае абмежаваньне ці скасаваньне санкцыяў у банкаўскай і авіяцыйнай сфэрах, а таксама ў гандлі калійнымі ўгнаеньнямі. Калі праз усталяваньне даверу будзе рух у гэтым кірунку, то і Польшча далучыцца да яго на пэўным этапе. Яна ня будзе апошняй, хто будзе супраць.
— У апошняй партыі палітвязьняў, вызваленых 21 чэрвеня, быў Ціханоўскі і таксама некалькі іншаземцаў. Аднак сярод іх не было Анджэя Пачобута. Кажуць, што прычына ў тым, што ён ня хоча зьяжджаць зь Беларусі. Але ў апошняй партыі вызваленых Натальля Дуліна таксама не хацела. Аднак ёй надзелі мяшок на галаву і вывезьлі на мяжу. Чаму не маглі гэтак жа зрабіць з Пачобутам?
— Дарэчы, выпадак з Дулінай — ня першы выпадак, калі рэжым высылае за мяжу палітвязьняў, якія ня хочуць зьязжджаць з краіны. Я думаю, што Пачобута будуць трымаць да канца гэтага працэсу. Для Польшчы яго вызваленьне — прыярытэт, ён важная асоба для Польшчы. А паколькі важная, то Лукашэнка будзе трымаць яго да апошняга, да вялікай угоды, да рэальнага скасаваньня санкцыяў.
— А як вы думаеце, цана за Анджэя толькі такая? У свой час беларускі прапагандыст Юры Васкрасенскі казаў публічна, што, маўляў, хай прыедзе ў Беларусь Сікорскі і яму аддадуць Пачобута. Васкрасенскі — не Лукашэнка. Але вось прыехаў Келаг — і аддалі Ціханоўскага. Дык можа Васкрасенскі і меў рацыю ў сваёй ацэнцы цаны на Пачобута?
— Тут цяжка сказаць. Але для беларускага рэжыму сымбалічныя крокі ў выглядзе візыту важнага госьця — гэта таксама рэальныя крокі. Пачобута арыштавалі ў 2021 годзе, асудзілі ў 2023 годзе. Але яшчэ ў 2021 годзе ў Польшчы абмяркоўваліся пляны запрасіць тагачаснага міністра замежных справаў Уладзіміра Макея на перамовы ў Варшаву, каб ён прывёз вызваленага Пачобута.
Так што пляны абмену некіх жэстаў прызнаньня на Анджэя прынамсі абмяркоўваліся. Я б і зараз не выключаў нейкага такога абмену зь візытам у Беларусь высокага прадстаўніка Польшчы.
Але калі Менск чакае скасаваньня санкцыяў, то найбольш сурʼёзныя санкцыі — гэта ня польскія нацыянальныя санкцыі, а санкцыі Эўразьвязу. Яны скаардынаваныя паміж краінамі ЭЗ, зь Вялікай Брытаніяй і з ЗША. І скасаваныя яны будуць толькі ў рамках міжнароднай «адлігі» — глябальнай угоды ўрэгуляваньня. Польшча ня будзе першай, хто будзе прасоўваць гэта, але і ня будзе апошняй, хто будзе супрацьдзейнічаць такой угодзе.
Форум