Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз ухваліў 18-ы пакет санкцыяў за вайну Расеі ва Ўкраіне, у тым ліку супраць беларускіх банкаў, кампаніі «Легмаш» і ВПК


Кіраўніца замежнай палітыкі Эўразьвязу Кая Калас. Архіўнае фота
Кіраўніца замежнай палітыкі Эўразьвязу Кая Калас. Архіўнае фота

У пятніцу 18 ліпеня краіны ЭЗ падпісалі новы пакет санкцыяў супраць Расеі і Беларусі за вайну ва Ўкраіне. У ім далей абмяжоўваецца цана на экспартную нафту з Расеі.

Аб рашэньні паведаміла агенцтва AFP. Раней прэмʼер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца паведаміў, што Браціслава 18 ліпеня падтрымае 18-ы пакет антырасейскіх санкцыяў Эўразьвязу.

«ЭЗ толькі што ўхваліў адзін з сваіх наймацнейшых на сёньня пакетаў санкцыяў супраць Расеі», — заявіла кіраўніца замежнай палітыкі Эўразьвязу Кая Калас.

«Мы яшчэ больш скарачаем вайсковы бюджэт Крамля, перасьледуем яшчэ 105 караблёў ценевага флёту і іх пастаўнікоў, абмяжоўваем доступ расейскіх банкаў да фінансаваньня.

Трубаправоды «Паўночны паток» будуць забароненыя. Зьменшана максымальная цана нафты.

Мы аказваем большы ціск на расейскую вайсковую прамысловасьць, кітайскія банкі, якія дазваляюць абыходзіць санкцыі, і блякуем экспарт тэхналёгіяў, якія выкарыстоўваюцца ў бесьпілётніках»,— зазначыла Кая Калас.

Пад санкцыі трапіў найбуйнейшы нафтаперапрацоўчы завод карпарацыі «Роснефть» ў Індыі. Яны ўдараць па тых, хто ідэалягічна апрацоўвае ўкраінскіх дзяцей на акупаваных тэрыторыях.

«Мы будзем працягваць павышаць выдаткі [Расеі. —РС], каб спыненьне агрэсіі стала адзіным шляхам для Масквы», — заявіла Калас.

18-ы пакет санкцыяў ЭЗ супраць Расеі, сярод іншага, уключае новую забарону на трансакцыі, зьвязаныя з газаправодамі «Паўночны паток» і «Паўночны паток-2» , а таксама зьніжэньне верхняй мяжы цэнаў на расейскую сырую нафту ў рамках G7 прыблізна да 47,6 даляраў за барэль, паведамілі агенцтвы з спасылкай на дацкага дыплямата.


Беларусь уключана ў пакет санкцыяў, бо падтрымлівае расейскую агрэсію

18-ы пакет санкцый прадугледжвае таксама санкцыі супраць беларускіх банкаў і прадпрыемстваў вайсковай прамысловасьці.

У падрыхтаваным пакеце фігуруюць чатыры беларускія кампаніі з галіны абароны і вайсковай прамысловасьці. Эўракамісія прапануе замарозіць іхныя актывы і забараніць весьці бізнэс у ЭЗ.

Паводле дакумэнтаў, да якіх атрымала доступ Радыё Свабода, адным з чатырох прадпрыемстваў, якія маюць трапіць у новы санкцыйны сьпіс Эўразьвязу, стане аршанскі завод «Легмаш».

Альянс расьсьледнікаў Беларусі яшчэ ў траўні 2024 году заявіў, што гэты завод можа працаваць на расейскую вайсковую прамысловасьць, бо ўдзельнічае ў вырабе дэталяў снарадаў для расейскіх сыстэмаў залпавага агню БМ-21 «Град». Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць гэтага прадпрыемства ў жніўні 2024 году. Пазьней «Легмаш» трапіў пад санкцыі Канады і Вялікай Брытаніі.

Акрамя ўключэньня у сьпіс новых прадпрыемстваў, Эўракамісія прапанавала пашырыць сэктаральныя абмежаваньні для Беларусі. Сярод іх поўная забарона на апэрацыі зь беларускімі банкаўскімі структурамі, якая раней тычылася толькі фінансавых паведамленьняў (de-SWIFTing — адключэньне ад міжнароднай сыстэмы банкаўскіх міждзяржаўных разьлікаў SWIFT, якое істотна абмяжоўвае магчымасьць банкаў праводзіць апэрацыі за мяжой), а цяпер ператвараецца ў поўную забарону трансакцыяў.

Таксама ўпершыню пад забарону трапляе імпарт узбраеньняў зь Беларусі ў ЭЗ.

Каб узмацніць кантроль за магчымым абыходам абмежаваньняў, ЭЗ прапануе пашырыць сьпіс тавараў і тэхналёгіяў, што могуць выкарыстоўвацца для ўмацаваньня вайсковай і прамысловай базы Беларусі. У прыватнасьці, ідзецца пра машыны, хімікаты, асобныя віды мэталаў і плястыкаў. Забараняецца таксама транзыт шэрагу тавараў праз тэрыторыю Беларусі.

Раней прыняцьце 18-га пакету санкцыяў блякавала Браціслава — праз пляны Эўракамісіі цалкам адмовіцца ад імпарту расейскага газу з 2028 году. Улады Славаччыны баяліся дэфіцыту паліва, росту цэнаў і магчымых пазоваў ад «Газпрому».

Паводле словаў Фіцы, ён дамовіўся з кіраўніцай Эўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен пра гарантыі што да цэнаў на газ.

«Захаваньне нашай пазыцыі ў блякаваньні ўжо пагражае нашым інтарэсам», — заявіў прэм’ер у відэазвароце ў фэйсбуку.

Раней Фіца дапускаў падтрыманьне пакету пры ўмове, што Эўракамісія і партнэры абароняць Славаччыну ад наступстваў спыненьня паставак з Расеі — у прыватнасьці, абмяжуюць транзытныя зборы, якія Славаччына мусіць плаціць за пастаўкі альтэрнатыўнага газу церазь іншыя краіны.

Акрамя Славаччыны, пярэчаньні супраць новага пакету санкцыяў раней выказвалі Мальта, Грэцыя і Кіпр. Яны выступалі супраць ініцыятывы зьнізіць ліміт цэнаў на расейскую нафту. Мяркуецца, што гранічная цана будзе на 15% ніжэйшач за сярэднюю рынкавую за апошнія 10 тыдняў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG