Беларускія сілавікі выпадкова прызналіся, як шукаюць «экстрэмістаў»

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа на чале з тагачасным яго кіраўніком Мікалаем Карпянковым на разгоне акцыі пратэсту ў Менску 23 верасьня 2020 году

У адным з галоўных Telegram-каналаў, якія вядуць супрацоўнікі ГУБАЗіК, выпадкова апублікавалі інфармацыю аб тым, як правяраюць грамадзян на «экстрэмізм».

Паводле выданьня reform.news, інфармацыю апублікаваў карыстальнік М-13, але яе хутка выдалілі.

«Па хаджэньнях пуста, інфармацыя ў БД „Актывіст“ адсутнічае, апроч інфармацыі з БЕСаў за 11.08.2020 больш нічога няма. Фінансаваньне адсутнічае, камэнтароў няма», — працытавала выданьне апублікаванае паведамленьне.

Колішні супрацоўнік ГУБАЗіКа Станіслаў Лупаносаў патлумачыў, што азначае гэтае паведамленьне. базе дадзеных «Актывіст».

«Апэратыўнік правяраў нейкую асобу па БД „Актывіст“, нейкая іх новая БД „опэрская“. У базе „Беспарадкі“ ёсьць адзнака, што чалавек трапіў у яе 11 жніўня 2020 году. Туды ўключаюць усіх, хто быў затрыманы за ўдзел у пратэстах супраць фальсыфікацыі выбараў і бязьмежжа сілавікоў. Паводле іх інфармацыі, чалавек не данаціў, а таксама не пакідаў камэнтароў у сацыяльных сетках супраць рэжыму і злачынстваў сілавікоў. Яны адсочваюць у асноўным Telegram у аўтаматычным рэжыме, а таксама Facebook, Instagram, VK, OK, YouTube», — сказаў Станіслаў Лупаносаў.

Журналісты змаглі высьветліць імя супрацоўніка ГУБАЗіКа па ID у Telegram.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі асуджаным за «экстрэмізм» забароняць займацца пэдагагічнай дзейнасьцю


Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».