Тбіліскі гарадзкі суд вызваліў арыштаванага на тры месяцы беларуса

Дэпартамэнт міграцыі МУС Грузіі. Архіўнае фота

Арыштаваны на тры месяцы ў Грузіі грамадзянін Беларусі вызвалены. Рашэньне прыняў Тбіліскі гарадзкі суд на пасяджэньні 18 ліпеня. Пра гэта паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк, які жыве ў гэтай краіне.

«Арышт заменены неабходнасьцю адзначацца ў Дэпартамэнце міграцыі МУС два разы на тыдзень. У той жа час той бок мае права абскардзіць рашэньне суду», — сказаў праваабаронца.

Як паведамлялася раней, 14 ліпеня беларус (чыё імя не публікуецца зь меркаваньняў бясьпекі) прыйшоў у Дэпартамэнт з заявай аб прадстаўленьні прытулку. Спачатку заяву прынялі, затым вярнулі, а самога падаўцу затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар пры дэпартамэнце. З прычыны заканчэньня тэрміну дзеяньня беларускага пашпарту (яшчэ ў 2020 годзе) беларус не абнуляў кароткачасовымі выездамі дазволены тэрмін бесьперапыннага знаходжаньня ў Грузіі (365 дзён) і жыў у краіне нелегальна. Мяняць пашпарт у беларускім пасольстве (да ўказу Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасьня 2023 года гэта было магчыма) ён баяўся праз пагрозу перасьледу.

Як заявіла ў інтэрвію «Медиазоне» дзяўчына арыштаванага, яго пачалі шукаць беларускія сілавікі «з прычыны рэпостаў з „экстрэмісцкіх“ рэсурсаў». У Грузіі грамадзянін Беларусі жыве з 2016 году і да 2020-га, паводле слоў дзяўчыны, езьдзіў на радзіму.

15 ліпеня Тбіліскі гарадзкі суд пастанавіў арыштаваць затрыманага на тры месяцы.

Аднак затым заяву аб наданьні прытулку ўдалося падаць і зарэгістраваць. «Паводле мясцовых законаў спатрэбілася пацьвярджэньне судом яго арышту ў статусе просьбіта прытулку», — патлумачыў Кісьляк.

Паводле слоў праваабаронцы, арыштаваны быў дастаўлены ў суд, яго інтарэсы прадстаўлялі два нанятыя адвакаты.

Грузінскія ўлады адхіляюць усе заявы беларусаў аб наданьні прытулку. Кіроўная партыя «Грузінская мара» прарасейскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі пайшла на канфрантацыю з Эўразьвязам і ЗША, прызнае рэжым Лукашэнкі. Абраны аднапартыйным парлямэнтам (апазыцыя адмовілася туды ўвайсьці) прэзыдэнт Міхаіл Кавелашвілі павіншаваў Лукашэнку з «пераабраньнем». Мэтады барацьбы з апазыцыяй у краіне ўсё больш нагадваюць беларускія.

Сам Кісьляк 11 ліпеня атрымаў канчатковую адмову ў прытулку, прайшоўшы за некалькі гадоў усе мясцовыя інстанцыі. Цягам 30 дзён ён абавязаны пакінуць Грузію. «Але як і куды выяжджаць, калі пашпарт скончыўся. У гэтай сытуацыі ў мяне адна дарога — у Беларусь. Тут шмат пытаньняў», — заявіў праваабаронца.

Кісьляк мае намер абскардзіць рашэньне мясцовых уладаў у структурах ААН.

У Грузіі цяпер жыве каля 12 тыс. беларусаў, якія эмігравалі праз пагрозу рэпрэсій. Іх колькасьць паступова зьмяншаецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманага ў Дэпартамэнце міграцыі МУС Грузіі беларуса арыштавалі на тры месяцы


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі затрымалі беларуса, які прыйшоў прасіць прытулку