Камітэт дзяржаўнага кантролю, Генэральная пракуратура і Міністэрства ўнутраных справаў паведамілі на нарадзе аб арганізацыі жніва, што ў некаторых рэгіёнах Беларусі дрэнна падрыхтаваліся да ўборачнай кампаніі. Дзяржаўныя органы выявілі няспраўныя камбайны і зернесушыльныя комплексы, частка адрамантаваных камбайнаў не прайшла дзяржаўны тэхнічны агляд, піша БЕЛТА.
На нарадзе ў Менску 18 ліпеня паведамілі, што збожжаўборачныя камбайны не гатовыя да работы практычна ў кожнай трэцяй з правераных гаспадарак, у асобных арганізацыях рамонт не пачыналі «праз брак запасных частак і мэханізатарскіх кадраў», «не падрыхтаваны склады для прыманьня ўраджаю».
«Ня ўсюды належна паклапаціліся аб забесьпячэньні тэхнікі палівам, запаснымі часткамі, праз што магчымыя страты рабочага часу. Зноў жа, ніяк не пераможам прыпіскі. У 5 працэнтах правераных гаспадарак устаноўленыя выпадкі, калі тэхніка была гатовая да работы толькі на паперы. Дзіўна, каго спрабуюць падмануць», — сказаў на нарадзе 18 ліпеня Аляксандар Лукашэнка.
Тым ня менш ён заявіў, што паводле зьвестак ураду прагназаваны сёлета валавы збор збожжа і збожжавых культураў у Беларусі можа скласьці каля 11 мільёнаў тон.
Паводле зьвестак Белстату, у 2024 годзе валавы збор збожжавых і зернебабовых культураў склаў 8,3 млн тон. У 2023 годзе — 7,7 млн. тон, годам раней — 8,7 млн. тон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мая бабуля скаціну лепшай карміла». Як выглядае бульба, якую зараз прадаюць у беларускіх крамах. Фота