З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну многія дзяржавы пачалі выдаткоўваць на абарону больш, чым раней. Краіны блёку NATO вырашылі павялічыць выдаткі на абарону да 5% ВУП да 2035 году (раней 2%).
Некаторыя, тэрытарыяльна блізкія да Расеі краіны блёку, пастанавілі павышаць выдаткі на абарону хутчэйшымі тэмпамі, чым іншыя краіны. У Польшчы ў 2025 годзе плянуюць на гэта патраціць 4,7% ВУП, ці каля 50 мільярдаў даляраў (да вайны 2,39% ВУП), у Літве — 3% ВУП, ці 2,9 мільярда даляраў (да вайны 2,52% ВУП).
Рэспубліка Беларусь — хаўрусьніца Расейскай Фэдэрацыі. У 2022 годзе падчас нападу Расеі на Ўкраіну ўлады Беларусі прапусьцілі расейскія войскі празь беларускую тэрыторыю, зь Беларусі расейскія войскі наносілі ўдары па Ўкраіне. З таго ж часу ўлады Беларусі павялічылі выдаткі на абарону ў 2,6 раза. Раней рост ішоў меншымі тэмпамі: з 2019 па 2022 год толькі ў 1,4 раза. З 2017 па 2019 год — у 1,3 раза.
Беларускія чыноўнікі і Лукашэнка пэрыядычна заяўляюць, што беларускае войска «сучаснае, баяздольнае і добра ўзброенае».
Напрыклад, 1 ліпеня на сустрэчы з выпускнікамі вайсковых ВНУ Лукашэнка казаў пра «пэрманэнтную гібрыдную вайну», якая нібыта дзесяцігодзьдзямі вядзецца супраць Беларусі, і папярэдзіў: «Чым адказаць — у нас ёсьць… На любыя агрэсіўныя выпады гатовыя даць самы жорсткі адказ».
Колькі ідзе на вайсковыя патрэбы
Беларускі бюджэт на 2025 год прадугледжвае выдаткі на абарону ў 4,7 мільярда рублёў (ці 1,6 мільярда даляраў). Гэта крыху менш за 2% ВУП.
А так выглядаў рост выдаткаў на абарону з 2022 году:
2024 год — 3 577 196 311 рублёў, ці 1,1 мільярда даляраў (1,45% ВУП)
2023 год — 2 772 303 147 рублёў, ці 924 мільёны даляраў (1,28% ВУП)
2022 год — 1 811 772 671 рубель, ці 694 мільёны даляраў (0,95% ВУП)
Атрымліваецца, што з 2022 году выдаткі дзяржавы на абарону вырасьлі ў 2,6 раза, калі лічыць у беларускіх рублях (у 2,3 раза ў далярах). Раней выдаткі на абарону расьлі павальней.
Якую новую тэхніку займелі ўлады Беларусі
Выдаткаваныя зь бюджэту грошы ідуць у тым ліку і на новую тэхніку. Якую менавіта?
За апошні год стала вядома пра некалькі навінак для беларускай абароны, некаторыя ўзоры тэхнікі Беларусь атрымала ад Расеі, некаторыя — уласныя распрацоўкі.
Авіяцыя
Сёлета ў траўні Расея перадала Беларусі партыю зьнішчальнікаў Су-30СМ2. Колькі менавіта самалётаў атрымала Беларусь, не паведамлялі. Не раскрывалі, у якую суму яны абышліся. У беларускім Міністэрстве абароны згадалі толькі, што іх паставілі «ў адпаведнасьці з плянам будаўніцтва і разьвіцьця Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расейскай Фэдэрацыяй».
Самалёт Су-30СМ2, які паступіў з Расеі ў Беларусь у траўні 2025 году
Пра пляны паставак расейскіх зьнішчальнікаў у Беларусь стала вядома яшчэ ў 2017 годзе, тады ішлося пра 12 самалётаў СУ-30СМ.
У 2019 годзе паведамлялі аб пастаўцы партыі з 4 зьнішчальнікаў, пасьля чыноўнікі заяўлялі, што тэрмін перанесены. Зьнішчальнік Су-30СМ2 — гэта мадэрнізаваная вэрсія мадэлі Су-30СМ, з новай бартавой радыёлякацыйнай станцыяй, сродкамі электроннага супрацьдзеяньня. Стала больш разнастайнай зброя, якая можа прымяняцца з гэтага зьнішчальніка, у тым ліку звышгукавая.
30 траўня сёлета Беларусь атрымала ад Расеі партыю транспартна-баявых верталётаў Мі-35М. Колькі машын паставілі, не паведамлялі. Гэта мадэрнізаваная вэрсія гелікоптэра Мі-24, яна можа выконваць задачы як паражэньня жывой сілы і тэхнікі, так і транспартаваньня, эвакуацыі, выведкі.
Верталёт Мі-35М
Бесьпілётнікі
БПЛА (бесьпілётны лётны апарат, дрон) ў вайсковых канфліктах выкарыстоўваюць для паражэньня цэляў, выведкі, супрацьпаветранай абароны ды іншых мэтаў. Шмат увагі гэтай тэхніцы надаюць і ў Беларусі.
Бесьпілётны комплекс "Джульета"
Беларусь плянуе закупіць сёлета некалькі соцень камплектаў бесьпілётнікаў. Сярод іх 20 камплектаў з FPV-дронамі, 187 FPV-дронаў Caddx X10 (вэрсія AI) ці аналяг, 190 FPV-дронаў Caddx X10 (вэрсія IR) ці аналяг. У асноўным гэта дроны кітайскай вытворчасьці. Такія зьвесткі вынікаюць з сайту дзяржаўных закупаў, дзе разьмешчаны тэндэр. FPV-дрон адрозьніваецца ад звычайнага тым, што празь яго можна мець выяву зь відэакамэры ад першай асобы (з выкарыстаньнем адмысловых акуляраў). Гэта рэвалюцыйная тэхніка, якая праявіла сябе на вайне ва Ўкраіне. Такім абсталяваньнем можна наносіць удары і карэктаваць іх.
Беларускае Міністэрства абароны закупляе таксама бесьпілётныя комплексы для паветранай выведкі. Сярод іх ёсьць мадэль, якая выкарыстоўвае штучны інтэлект, — гэта бесьпілётны авіяцыйны комплекс на базе мультыкоптэра Autel EVO MAX 4T.
Агульны кошт гэтых бесьпілётнікаў каля 3,3 мільёна даляраў. 13 чэрвеня Лукашэнку паведамілі аб стварэньні ў Беларусі ўласных бесьпілётных войскаў.
Сродкі радыёлякацыйнай барацьбы
Гэты тып узбраеньняў прызначаны для абароны неба, кантролю паветранай прасторы, у тым ліку кантролю за бесьпілётнікамі.
Беларускім радыётэхнічным войскам сёлета перадалі радыёлякацыйныя станцыі «Сопка-2» і «Роза-РБ». На якіх умовах Беларусь атрымала гэтае абсталяваньне, інфармацыі няма. Першая зь іх расейская распрацоўка, другая — беларуская.
Цяжкая тэхніка
Апроч закупу ўзбраеньняў, сёлета Беларусь праводзіла мадэрнізацыю зброі, якую ўжо маюць войскі. Паводле агляду экспэртнай ініцыятывы iSANS, на ўзбраеньне паступіла беларуская распрацоўка — колавы бронетранспартэр Volat V2 ад Менскага заводу колавых цягачоў.
Бронетранспартэр Volat V2
Мадэрнізаваны варыянт мае новую браню, новую сыстэму кіраваньня агнём, сучасныя прылады назіраньня і лічбавай сувязі.
У 2025 годзе пачалася таксама мадэрнізацыя танкаў Т-72 да ўзроўню Т-72БМ2. Гэтым займаўся 140-ы рамонтны завод у Барысаве.
Абноўлены танк паказалі на вайсковай выставе Milex-2025.
Мадэрнізаваны ў Беларусі савецкі танк Т72БМ2. Фота Мінабароны Беларусі
Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт пасьля гэтай выставы заявіў аб падпісаньні кантрактаў на рэкордную суму — больш чым на 390 мільёнаў даляраў. На мінулай выставе два гады таму сума склала 277 мільёнаў даляраў. Старшыня камітэту Дзьмітры Пантус тады адзначаў, што геаграфія паставак беларускай вайсковай прадукцыі ўключае больш за 60 краін.
Ядзерная зброя і «Арэшнік»?
Размовы пра тактычную ядзерную зброю ў Беларусі пачаліся больш за 2 гады таму з падачы Пуціна. Менавіта ён упершыню заявіў, што такую зброю могуць разьмясьціць у Беларусі.
Расейская ракетная сыстэма «Іскандэр», здольная выкарыстоўваць тактычную ядзерную зброю. Архіўнае фота
Расейская ракетная сыстэма «Іскандэр», здольная выкарыстоўваць тактычную ядзерную зброю. Архіўнае фота
Пасьля пра гэта ня раз згадвалі Лукашэнка, Міністэрства абароны Беларусі ды іншыя чыноўнікі. У лістападзе летась, пасьля ўдару Расеі па ўкраінскім Дніпры, Лукашэнка пачаў гаварыць і пра разьмяшчэньне новага ракетнага комплексу «Арэшнік». Нібыта для такой зброі ў Беларусі ёсьць «дзясяткі пляцовак».
Простых пацьверджаньняў разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі дагэтуль няма. У сакавіку сёлета Свабода ў сваім расьсьледаваньні расказвала пра разбудову вайсковай інфраструктуры ў Асіповічах, дзе, на думку экспэртаў, могуць разьмясьціць тактычную ядзерную зброю.
Аднак сам факт такой разбудовы ня значыць, што гэтая зброя ўжо там.
Абноўленыя і пабудаваныя з 2023 году аб’екты на тэрыторыі вайсковай часткі ў Асіповічах. Здымак 25 лютага 2025 году
Больш за тое, знаходжаньне ядзернай зброі ў Беларусі зьняпраўджвалі і аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol, і ўкраінская выведка.
Улады Беларусі ня раз заяўлялі і пра разьмяшчэньне ў краіне расейскага «Арэшніку» — рухомага грунтовага ракетнага комплексу і аднайменнай балістычнай ракеты сярэдняй далёкасьці. Лукашэнка казаў, што гэта нібыта беспасярэдні адказ на разьмяшчэньне ракет ЗША ў Эўропе, які абароніць Беларусь.
У пачатку ліпеня ён паведаміў, што комплекс зьявіцца ў Беларусі да канца году. Такія ж тэрміны раней называў сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч.
Навошта Беларусі такая зброя і ці атрымлівае яна за гэтае разьмяшчэньне нешта?
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што заявы Лукашэнкі пра разьмяшчэньне ў Беларусі «Арэшніку» — гэта спадзяваньні ўстанавіць пэўную форму кантролю над выкарыстаньнем расейскіх ракет, разьмешчаных у Беларусі, каб умацаваць сувэрэнітэт Беларусі, які слабее, але Масква, пэўна, захавае апэратыўны кантроль над ракетамі і іх выкарыстаньнем.
Паводле аналітыка Свабоды Юрыя Дракахруста, патэнцыйнае разьмяшчэньне «Арэшніку» у Беларусі — гэта адказ на пляны NATO паставіць ракеты сярэдняй далёкасьці ў Эўропе ў 2026 годзе. А калі ня будзе ракет ад NATO — ня будзе і «Арэшніку». На думку аналітыка, пры ўладзе Дональда Трампа ад такіх плянаў могуць адмовіцца.
Машыны з ракетнага комплексу «Іскандэр» на асіповіцкім вайсковым палігоне. 1 лютага 2023 году
У публічнай прасторы няма інфармацыі, на якіх умовах можа адбыцца разьмяшчэньне расейскага ўзбраеньня ў Беларусі.
«Усе новыя тэхналёгіі Беларусь робіць на продаж у Расею»
Арганізацыя былых сілавікоў Беларусі BelPol вывучае вайсковую актыўнасьць у Беларусі, а таксама сочыць за распрацоўваньнем новых тэхналёгіяў ва ўзбраеньні. Беларускі вайскова-прамысловы комплекс найбольш арыентаваны на пастаўкі ў Расею, а прадпрыемствы атрымліваюць грошы ад Расеі на мадэрнізацыю, кажа прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар.
Уладзімер Жыгар
«Пэўныя ўзоры тэхнікі ставяцца на ўзбраеньне ў Беларусі, напрыклад бесьпілётнікі тыпу „Чэкан“, „Аскалон“, „Міратворац“. Аднак асноўная частка ідзе ў Расею. Гаварыць пра мадэрнізацыю войска не даводзіцца. З апошняга — яны мадэрнізавалі ракетныя комплексы „Палянэз“. Аднак яны ня могуць рэалізаваць гэта напоўніцу. Беларусь ня можа замяніць патрэбныя ім ракеты, якія кітайскай вытворчасьці. Ёсьць праблемы з санкцыямі, каб стварыць замкнёны цыкль такой вытворчасьці», — гаворыць Уладзімер Жыгар.
«Чэкан» — ударны бесьпілётнік-камікадзэ.
«Аскалон» — малагабарытная крылатая ракета, прызначаная для паражэньня зэнітна-ракетных комплексаў, сыстэмаў залпавага агню і артылерыйскіх установак на агнявых пазыцыях.
«Міратворац» — ударны бесьпілётнік, прызначаны для паражэньня зэнітна-ракетных комплексаў, сыстэмаў залпавага агню і артылерыйскіх установак на агнявых пазыцыях.
Павышаныя датацыі на беларускае войска ідуць на тое, каб вырабіць тэхніку і пасьля прадаць яе ў Расею, даводзіць Уладзімір Жыгар. Бо расейскіх датацыяў на мадэрнізацыю беларускіх прадпрыемстваў пад вайсковыя патрэбы не заўсёды хапае.
Малагабарытная крылатая ракета беларускай вытворчасьці «Аскалон»
«Максымум — яны мадэрнізавалі ракетныя сыстэмы тыпу „Град“ пад сябе. У Беларусі робяць запасныя часткі, дэталі, але цалкам тэхніка ня робіцца. Нават бесьпілётнікі на 80% робяць у Беларусі сваімі сіламі, а 20% дэталяў трэба закупляць у тым жа Кітаі. Ніякага маштабнага пераабсталяваньня войска ня робіцца», — дадае Ўладзімер Жыгар.
З словаў Жыгара, цяпер у Беларусі робяць каля 30-35 відаў БПЛА, аднак толькі 5-7 зь іх спрабуюць паставіць на вытворчы паток. Паводле суразмоўцы, яны прайшлі выпрабаваньні вайной і іх хочуць рабіць масава.
З спасылкай на крыніцы BelPol Уладзімер Жыгар гаворыць, што да 50% вайсковай тэхнікі ў Беларусі не знаходзіцца ў баявым стане. Сыстэма проста ня хоча траціць грошы на тое, каб належным чынам яе абслугоўваць.
«Сыстэма Лукашэнкі ў сваёй абароне цалкам разьлічвае на Крэмль. Беларусь хацела б нават прадаваць „Палянэзы“ ў Расею, аднак супраць такіх угодаў будзе Кітай. Яны шукаюць магчымасьць рабіць ракеты для „Палянэзаў“ у Беларусі. Асноўная праблема — брак вытворчасьці выбуховых рэчываў. Дадаткова патрэбныя адмысловыя лініі прэсаваньня выбуховага рэчыва», — гаворыць Жыгар.
Рэактыўная сыстэма залпавага агню «Палянэз»
Рэактыўная сыстэма залпавага агню «Палянэз» — гэта сумесны беларуска-кітайскі прадукт, якім доўгі час ганарыліся ўлады. Ён можа паражаць далёкія цэлі. У мадэрнізаванай вэрсіі, якая паступіла ў войска ў 2023 годзе, далёкасьць стральбы сягае 300 кілямэтраў.
«Узровень вайсковых выдаткаў кажа, што Лукашэнка не спадзяецца на Расею»
Адной рукой Лукашэнка ўкладаецца ў абарону, але другой просіць у Пуціна «Арэшнік», заўважае вайсковы экспэрт Defense Express з Украіны Іван Кірычэўскі.
Іван Кірічэўскі
«Парадаксальна, але ўзровень вайсковых выдаткаў Беларусі сьведчыць, што, нягледзячы на цалаваньні з Пуціным, Лукашэнка не асабліва разьлічвае, што ў выпадку міфічнай агрэсіі NATO расейскае войска прыйдзе і абароніць. Я нават скажу, што ў беларускага войска цяпер толькі адзін праціўнік, і гэта расейскае войска. Гэта структурны парадокс для ўсяго АДКБ. Краіны, якія могуць заручыцца падтрымкай Кітаю, будуюць свае войска з аглядкай на агрэсію Расеі.
Адной рукой ён [Лукашэнка] вядзе такую падрыхтоўку, а іншай выпрошвае „Арэшнік“», — заўважае экспэрт.
Што да беларускага ўзбраеньня, то, паводле суразмоўцы, беларускія брыгады ўзброеныя на ўзроўні савецкіх дывізіяў. Але нават і старая савецкая тэхніка — гэта не праблема, кажа экспэрт.
«Мала краін зараз, якія могуць пахваліцца высокім адсоткам сучаснай тэхнікі. Я проста прапаную паглядзець, што вырабляе рэжым Лукашэнкі ў вайсковым будаўніцтве. Там ёсьць спэцыфічныя моманты», — кажа Іван Кірычэўскі.
Суразмоўца таксама зьвяртае ўвагу на тое, што Кітай, імаверна, можа дапамагаць Беларусі дэталямі.
«Кітай можа інвэставаць свае дэталі, бо ўсё ў сьвеце зараз залежыць ад Кітаю, нават ЗША і Ізраіль. Вядома, Беларусь ня зможа сама вырабляць бесьпілётнікі без кітайскіх дакумэнтаў, гэта наіўна. Беларусь мае ўзровень пашаны з боку Пэкіну. Таму ў тэорыі, калі Лукашэнка захоча зрабіць пракітайскі паварот, то можа зьявіцца гісторыя пра замову, напрыклад, зьнішчальнікаў J-10 (лёгкі шматфункцыянальны зьнішчальнік кітайскай вытворчасьці. — РС)», — дапускае экспэрт.
Што да далейшай падтрымкі ўзбраеньнямі ад Расеі, то Лукашэнка, паводле суразмоўцы, на гэта ня надта разьлічвае.
«Расея зараз спрабуе высмактаць рэсурсы нават з Лаосу. А Беларусь, напрыклад, працягвае праграму стварэньня бронемашын Volat. Лукашэнка пабачыў, што ад расейцаў лавіць больш няма чаго. Яго цікавіць зброя, якая падвышае ўдарныя магчымасьці — дадатковыя ракетныя комплексы, самалёты, атамная бомба. А нейкія дадатковыя танкі, бронемашыны, зэнітна-ракетныя комплексы — у яго і так хапае гэтага», — прыводзіць прыклад экспэрт.
«Эканоміка не дазваляе траціць на абарону яшчэ больш»
Беларускі бюджэт і так некалькі гадоў запар з дэфіцытам, таму выдаткоўваць на войска больш, чым ёсьць, з сваіх сродкаў проста ня ўдасца. На гэты факт у размове з Свабодай зьвяртае ўвагу эканамістка Аліса Рыжычэнка.
Эканамістка Аліса Рыжычэнка
«Калі глядзець на адсоткі ад агульных выдаткаў бюджэту, то найбольш ідзе на сацыяльную палітыку. Гэта мэдыцына, адукацыя — уся сацыяльная палітыка. Абарона даганяе гэтую частку выдаткаў. І з улікам таго, што бюджэт выконваецца з дэфіцытам, то няма куды яго павялічваць. Трэба скарачаць тую ж сацыялку ці нешта іншае, каб дадаць на абарону. Лукашэнка ня будзе скарачаць тыя ж выдаткі на чыноўнікаў. Скарачаць сацыялку таксама няма куды, бо ў Беларусі зараз слабая сацыяльная палітыка», — кажа эканамістка.
Суразмоўца зьвяртае ўвагу на тое, што зараз выдаткі на абарону большыя, чым у даваенныя гады, — яны даволі вялікія для мірнага часу. Аднак нарасьціць іх яшчэ больш за кошт сродкаў зь беларускага бюджэту немагчыма, для гэтага «трэба браць дадатковыя датацыі, напрыклад, у Расеі».
Экспэртка мяркуе, што Лукашэнка ў выпадку канфлікту спадзяецца «на дапамогу Расеі» і што яшчэ большыя сродкі на абарону «не спатрэбяцца».
Аліса Рыжычэнка таксама кажа, што грошы на абарону ідуць больш на вытворчасьць, каб зарабіць на продажы прадукцыі ў Расею. Калі б гэтага не было, ВУП быў бы значна меншы.
У глябальным рэйтынгу вайсковай моцы Global Firepower 2025 Беларусь займае 70-е месца сярод 145 краін сьвету. Суседзі ў рэйтынгу Шры-Ланка (69-е) і Славаччына (71-е месца). Сярод краін-суседзяў вышэй у рэйтынгу стаяць Расея (2-е месца), Украіна (20-е), Польшча (21-е). Ніжэй — Літва (88-е), Латвія (99-е месца).