Сьцісла:
- Апошнія заявы Трампа сьведчаць, што ён мяняе рыторыку адносна Расеі і Украіны і абдумвае, ці мела вынік ягоная ранейшая стратэгія
- З гледзішча Трампа, усякае нарошчваньне партнэрства Расеі і Кітаю зрывае магчымасьць нейкіх доўгатэрміновых дамоўленасьцяў Вашынгтону з Масквой
- Прыезд Келага ў Менск у параўнаньні з тым, што адбываецца ў двухбаковых адносінах паміж Крамлём і Вашынгтонам, — гэта ня самае значнае
- Мы назіраем апошнія паўгода, што Дональд Трамп вельмі хутка страчвае цярплівасьць нават што да сваіх партнэраў
- Калі ЗША ня ўбачылі пэўнай пэрспэктывы ў выніку размовы Келага з Лукашэнкам — то гэты «дыялёг» можа і не працягнуцца
— Ці можна пасьля апошніх заяваў прэзыдэнта ЗША наконт расейска-ўкраінскай вайны, пры істотных разыходжаньнях паміж Вашынгтонам і Масквой казаць, што Дональд Трамп нарэшце пераходзіць на бок Украіны? Ці гэта была б занадта сьмелая ацэнка, зважаючы на тое, што Дональд Трамп, як выглядае, заўсёды найперш на сваім баку?
— Перш за ўсё варта пагадзіцца з такой фармулёўкай — што Трамп перш за ўсё на сваім баку. Яго цікавіць ягоны рэйтынг сярод амэрыканскіх выбарнікаў, хвалюе рэйтынг ягонай партыі. Яго турбуе, ці Рэспубліканская партыя зможа выйграць на наступных прамежкавых выбарах у Кангрэс, якія адбудуцца праз год.
Апошнія заявы Трампа сьведчаць, што ён мяняе рыторыку адносна Расеі і Украіны і абдумвае, ці мела вынік ягоная ранейшая стратэгія. Мы ўвогуле маглі ня раз назіраць, што Дональд Трамп вельмі хутка мяняе свае рашэньні, выстаўляе віртуальныя дэдлайны і потым сам іх парушае. Мы гэта бачылі падчас абмену ўдарамі Ізраіля і Ірану, падчас тарыфных пагадненьняў. Гэта сьведчыць, што ён, хутчэй за ўсё, спрабуе хутка мяняць падыходы, калі штосьці не спрацоўвае ў кароткатэрміновай пэрспэктыве. Ён не чакае шмат часу і мяняе стратэгію.
Таму я быў бы вельмі асьцярожны ў ацэнках, наколькі Дональд Трамп зараз стане праўкраінскім, бо ўвогуле ў яго вельмі складанае стаўленьне да Ўладзіміра Зяленскага. І няма падставаў лічыць, што ягоны сьветапогляд неяк моцна зьмяніўся за апошнія месяцы. Хутчэй за ўсё, ён імкнецца дабіцца нейкіх вынікаў, якія можна паказаць сваім выбарнікам, падаткаплатнікам. Сказаць, што вось я дабіўся нейкіх прамежкавых вынікаў, спыніў агонь — а далей, калі ласка, іншыя краіны, сябры NATO або Эўрапейскі Зьвяз, далей бяз нас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як NATO глядзіць на Беларусь: вынікі саміту альянсу ад Валера Карбалевіча— Калі казаць пра амэрыканскіх выбарнікаў, то варта нагадаць, што большасьць зь іх, паводле сацыялёгіі, на баку Ўкраіны ў гэтай вайне.
— Гэта сапраўды так. Варта падзяляць падыходы каштоўнасны і матэрыяльны. Няма ніякіх пытаньняў ні ў Белым доме, ні ўвогуле ў амэрыканскім грамадзтве, у Рэспубліканскай ці Дэмакратычнай партыі наконт таго, хто пачаў вайну. Пуцін пачаў вайну, ён злачынца ў гэтай гісторыі, ён пачаў гэтую агрэсію.
Пытаньне ў ЗША хутчэй у тым, ці зьяўляецца гэтая вайна нейкім экзыстэнцыйным пытаньнем для Злучаных Штатаў, ці яны мусяць уваходзіць у клінч з Расеяй. Усё ж такі існуе пэўная інэрцыя разуменьня Расеі праз састарэлы падыход часоў Савецкага Саюзу як экзыстэнцыйнай пагрозы для існаваньня Злучаных Штатаў. Ядравая зброя й гэтак далей. Таму працягваюцца дыскусіі, ці варта моцна ўлазіць у гэтую вайну.
Другі аспэкт — матэрыяльны. Амэрыканская эканоміка мае шмат праблемаў, расьце дзяржаўны доўг. На мінулым тыдні адбыліся вялікія скарачэньні амэрыканскіх дыпляматаў у Дзяржаўным дэпартамэнце — здаецца, каля паўтары тысячаў амэрыканскіх дыпляматаў у адзін дзень звольнілі. Таму Дональд Трамп намагаецца рабіць так, каб нават за тыя пастаўкі, якія ЗША абяцалі Ўкраіне, плацілі не амэрыканцы, а эўрапейцы. ЗША спрабуюць саскочыць з матэрыяльнай падтрымкі з найменшымі рэпутацыйнымі стратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашая задача — ня даць Лукашэнку нас падмануць», — старшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка— Аналітыкі адзначылі, што апошні тэрмін, які Трамп вызначыў Пуціну, заканчваецца ў пачатку верасьня, калі, як абвешчана, заплянаваны візыт кіраўніка Расеі ў Кітай. Якая роля Кітаю ў гэтым трыкутніку?
— Дональд Трамп сапраўды паабяцаў праз 50 дзён, у выпадку адсутнасьці крокаў Крамля да мірнага пагадненьня, жорсткія санкцыі ў бок Расеі. Мы назіраем, што Трамп у сваёй рыторыцы ўсё больш прыслухоўваецца да «ястрабаў», якія патрабуюць жорсткага падыходу да Крамля. Перш за ўсё гэта Кіт Келаг, добра вядомы беларускай публіцы пасьля візыту да Лукашэнкі. І гэта, безумоўна, дзяржаўны сакратар Марка Рубіё, таксама прыхільнік рэзкага падыходу.
Што тычыцца Кітаю, то ўвогуле ЗША зараз разглядаюць Кітай як найбольшую пагрозу для сябе. І, безумоўна, Злучаныя Штаты турбуе нарошчваньне супрацоўніцтва, партнэрства паміж Расеяй і Кітаем.
Калі Расея будзе падтрымліваць Кітай, аказваць нейкую дапамогу Кітаю ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, Злучаныя Штаты будуць гэта ўспрымаць як пагрозу. З гледзішча Трампа, усякае нарошчваньне партнэрства Расеі і Кітаю зрывае магчымасьць нейкіх доўгатэрміновых дамоўленасьцяў Вашынгтону з Масквой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіт Келаг заявіў, што на сустрэчы з Лукашэнкам абмяркоўваў спыненьне вайны ва Ўкраіне—Ці можна меркаваць, што ахалоджваньне адносінаў паміж Масквой і Вашынгтонам можа паўплываць адпаведна на адносіны паміж Менскам і Вашынгтонам? Ці можна казаць, што тое вакно магчымасьцяў, якое адчынілася для Лукашэнкі, можа неўзабаве зачыніцца, і візыты амэрыканскіх пасланьнікаў у Менск скончацца?
— Сувязь, безумоўна, ёсьць, але б я ня быў тут настолькі скептычны. Перш за ўсё, вашынгтонскія пасланьнікі, амэрыканскія дыпляматы ўвогуле ў значна большай колькасьці наведваюць Маскву, а не Менск. І перамоўны трэк паміж Расеяй і Вашынгтонам ідзе значна больш актыўна й значна больш плённа. Безумоўна, яны не дамагліся прыпыненьня санкцыяў, але пэўныя зрухі былі, напрыклад, што тычылася расейскай дыпляматычнай нерухомасьці. Гэты тэхнічны кірунак ішоў з значным плёнам.
Калі мы паглядзім на гэта крыху збоку, не праз выключна беларускую оптыку, то можна канстатаваць, што перамовы з Крамлём ідуць даволі актыўна. Прыяжджаюць амэрыканскія дыпляматы, расейскае чынавенства таксама езьдзіць у Злучаныя Штаты.
Беларускі кірунак тут відавочна «даганяе». І я б не казаў, што ў ім штосьці можа злаваць ці турбаваць Крэмль. Прыезд Келага ў Менск у параўнаньні з тым, што адбываецца ў двухбаковых адносінах паміж Крамлём і Вашынгтонам, — гэта ня самае значнае. Безумоўна, нам празь беларускую оптыку здаецца, што першы з 2020 году прыезд у Менск амэрыканскага чыноўніка высокага ўзроўню — гэта значны прагрэс для рэжыму Лукашэнкі. Але калі мы параўнаем гэта з тым, што ідзе з расейскага боку, — то гэта ня тое штосьці, што прарывае ізаляцыю.
Што тычыцца другой часткі вашага пытаньня — ці не зачыніцца вакенца магчымасьцяў? Гэта вельмі складана. Бо Дональд Трамп — чалавек, які і ў сваёй першай кадэнцыі быў ня вельмі цярплівы. Зараз — апошнія паўгода — мы назіраем , што ён вельмі хутка страчвае цярплівасьць нават да сваіх партнэраў. А тым больш не з партнэрамі, а скажам так, ворагамі ён вельмі хутка страчвае цярплівасьць і спрабуе іншыя стратэгіі.
Мы так і ня ведаем, чаго дакладна Злучаныя Штаты хацелі дасягнуць праз гэты візыт Келага, ці спрацавала гэта з Лукашэнкам. Яны дамагліся вызваленьня пэўнай колькасьці палітвязьняў, але калі яны ня ўбачылі пэўнай пэрспэктывы ў выніку размовы з Аляксандрам Лукашэнкам — то гэты «дыялёг» можа і не працягнуцца.
Добрым сыгналам для нас застаецца, што ЗША трымаюць на парадку дня, у раскладзе гэтага дыялёгу пытаньне палітвязьняў. Тое, што ён трымаецца, гэта, безумоўна, заслуга беларускіх дэмакратычных сілаў. Гэта дае пэўны шанец, што калі ў амэрыканскага боку ёсьць пэўныя спадзевы дамовіцца з Лукашэнкам, то пэўны прагрэс для вызваленьня палітвязьняў адбудзецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка перакруціў словы адмысловага пасланца прэзыдэнта ЗША— А ці ставяць зараз ЗША ў сваёй палітыцы стасоўна афіцыйнага Менску геапалітычную задачу «адцягнуць» Беларусь у бок ад Расеі? Ці сёньня гэта маларэальна?
— Тое, што мы зараз назіраем, — гэта яшчэ адна спроба ацаніць, ці можа Аляксандар Лукашэнка рацыянальна глядзець на сваю палітыку, ці ён зьяўляецца асобным актарам, увогуле ці варта зь ім размаўляць. Або ён мэнтальна недзе з Уладзімірам Пуціным у Крамлі, толькі паўтарае Пуціна й баіцца казаць штосьці іншае.
Калі яны палічаць, што ён рацыянальны актар і здольны на нейкія незалежныя крокі, магчыма, Злучаныя Штаты могуць зрабіць яшчэ адну спробу пэўнай «фінляндызацыі» Беларусі.
Даведка Свабоды: Пад тэрмінам «фінляндызацыя» разумеюць абмежаваньне замежнапалітычнага сувэрэнітэту Фінляндыі, яе нэўтральны статус у абмен на захаваньне ўнутрыпалітычных асноваў дзяржаўнасьці, якое дзейнічала ў часы ўплыву на гэтую краіну СССР. Цяпер Фінляндыя інтэгравалася ў Эўразьвяз і NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым Пуцін і Лукашэнка адкажуць на ціск Трампа?