Азэрбайджанскага спартоўца пазбавілі расейскага грамадзянства

Сьцягі Азэрбайджану і Расеі, ілюстрацыйнае фота

Фэдэральная служба бясьпекі Расеі пазбавіла расейскага грамадзянства азэрбайджанскага байца зьмяшаных двубоеў Джавіда Рзаева. Гэта адбылося на фоне крызісу ў адносінах Расеі і Азэрбаджану.

На відэароліку Рзаеву зачыталі рашэньне пад партрэтам заснавальніка ВЧК Фэлікса Дзяржынскага за «ўчыненьне дзеяньняў, якія нэгатыўна ўплываюць на палітычную і сацыяльную стабільнасьць краіны». Рзаеў пацьвердзіў РБК, што яго пазбавілі расейскага грамадзянства.

У мінулым годзе на вечары зьмяшаных двубоеў Hardcore FC у Маскве Рзаеў падчас сваркі зь іншым байцом Артурам Кулінскім назваў таго «расейскай сьвіньнёй».

Сёлета ў чэрвені расейскага грамадзянства пазбавілі кіраўніка аб’яднаньня азэрбайджанцаў Маскоўскай вобласьці Эльшана Ібрагімава. Паводле РБК, фармулёўка была аналягічнай: за «ўчыненьне дзеяньняў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы РФ».

У сераду ў расейскім Екацярынбургу па абвінавачаньні ва ўжываньні гвалту да прадстаўніка ўлады арыштавалі на два месяцы сына кіраўніка мясцовай азэрбайджанскай дыяспары Мутвалы Шыхлінскі і працягнулі арышт васьмі ўраджэнцам Азэрбайджану, арыштаваным у канцы чэрвеня на тры тыдні пасьля масавага рэйду сілавікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уплыў Расеі на Паўднёвым Каўказе слабее, адкрываюцца дзьверы для новых гульцоў