Хлеб захаваў менскі рэвалюцыянэр і рабочы-чыгуначнік Іосіф Голубеў, напісаў Музэй гісторыі Менску ў сваім інстаграме.
2-4 студзеня 1918 году Голубеў як дэлегат менскіх рабочых быў у камандзіроўцы ў Маскве ў галоўным чыгуначным камітэце, дзе адстойваў правы рамонтнікаў працаваць па новых зацьверджаных расцэнках.
Дэлегатаў у Маскве пачаставалі абедам, пра што рабочы зрабіў запіс на сурвэтцы. Хлебная порцыя складалася зь дзьвюх лустаў хлеба — з часам яны высахлі, разламаліся і сталі чатырма сухарыкамі. Голубеў захоўваў іх у бляшаначцы з-пад халвы на працягу ўсяго жыцьця. Прадмет перадаў у музэй унук Голубева Ўладзімер.
«Маскоўскі абед таварышаў Чарнова, Нікіціна, Аляшковіча і Голубева. Супчык зьеў, а хлябец пакінуў на памяць пра тое, як кормяць дэлегатаў менскіх. 3 студзеня 1918 году будучы ў Маскве адабедаў па членскім білеце ў гэты дзень порцыі … суп з рыбай … вараная капуста 3-е хлеб ¾ залатніка 4-е папяровая сурвэтка, у якую і загарнуў хлябец», — напісана на сурвэтцы.
Іосіф Голубеў
Іосіф Голубеў (1873—1962) нарадзіўся ў сяле Кулебакі (цяпер Ніжагародзкая вобласьць Расеі), з 1900 году жыў у Менску і працаваў сталяром у Менскім чыгуначным дэпо. Удзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях 1905–1907 гадоў, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыях 1917 году. З 1922 году працаваў на заводзе «Энэргія». У 1933 ЦВК БССР даў Голубеву званьне Героя працы.
Рабочы пакінуў пасьля сябе дзёньнікі. Часткова гэтыя ўспаміны апублікаваныя ў кнізе «Счастье моё… Дневники Иосифа Голубева 1916–1923 гг.» (Шчасьце маё. Дзёньнікі Іосіфа Голубева 1916–1923 гг.). У Менску ў гонар Голубева назвалі вуліцу.
Цяпер рэчы Іосіфа Голубева знахідзяцца ў выставачным комплексе «Паўночны завулак» (зав.Паўночны, 15Б), дзе паказаная рэканструкцыя пакою менчука з аўтэнтычных прадметаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адноўленым будынку валожынскага ешыботу адкрылі выставу да 150-годзьдзя першага прэзыдэнта Ізраілю, які нарадзіўся ў Беларусі. ФОТА