Назва з слоўніка Ластоўскага, выступ на Майдане і новае жыцьцё ў Каліфорніі. Гурту Amaroka спаўняецца 20 гадоў

Зміцер Афанасенка падчас выступу, фота з прыватнага архіву

Беларускаму панк-гурту Amaroka сёлета спаўняецца 20 гадоў. Яго заснавальнік, аўтар музыкі і тэкстаў Зьміцер Афанасенка, які цяпер жыве ў Каліфорніі, рыхтуе да юбілею новы рэліз. Туды ўвойдуць пяць запісаў, у якіх пераплятаюцца досьвед эміграцыі, асабістыя перажываньні і надзея на будучыню.

Зьміцер Афанасенка — паэт, кампазытар і заснавальнік гурту AMAROKA, аднаго з найважнейшых калектываў беларускай альтэрнатыўнай сцэны. З моманту стварэньня ў 2005 годзе гурт выпусьціў пяць поўнафарматных альбомаў, восем «самотнікаў», удзельнічаў у знакавых праектах — «Чарнобыльскі вецер» і «НезалежныЯ».

Акустычная гітара ў Каліфорніі

Пасьля 2020 году музыка Зьміцер Афанасенка з жонкай і трыма малымі дзецьмі вымушаны быў двойчы эміграваць. Спачатку сям’я рэлякавалася з кампанияй Wargaming у Вільню, але неўзабаве праект Афанасенкі закрылі. Летась Афанасенкі рызыкнулі зьехаць ў Каліфорнію.

У ЗША Зьміцер працягвае ствараць музыку. Абсталяваў студыю, запісвае новыя трэкі. Паралельна вядзе працу над кліпам і канцэпцыяй жывога выступу. У плянах — ангельскамоўны матэрыял, супрацоўніцтва зь іншымі музыкамі ды ўдзел у фэстывалях, каб паказаць беларускі панк на новай сцэне.

Зьміцер Афанасека ў Каліфорніі з гітарай, фота з прыватнага архіву

«Я ў шатні зрабіў маленькую студыю. Цяпер працую над матэрыялам. 20-годзьдзе „Амарокі“ мы вырашылі адсвяткаваць новым рэлізам. Поўнафарматнага альбому абяцаць не будзем, але пяцёрка трэкаў дакладна атрымаецца. Я правёў апытанку ў фэйсбуку: выпусьціць дакумэнтальны фільм альбо рэміксы на старыя хіты ці нешта новае. Большасьць прагаласавала за тое, што трэба выпускаць новыя трэкі — юбілей не нагода для настальгіі.

Музыка гэта мая душа», — прызнаецца Зьміцер.

Назва з слоўніка Ластоўскага

А пачалося яшчэ ў школе. Зьміцер ў 10 клясе стварыў гурт «Карантын». У той час хлопец быў фанатам року, больш цяжкай музыкі. Сам пісаў тэксты — вострыя, сацыяльныя.

У 2005 годзе ён паступіў на геафак БДУ. Зьявілася кола сяброў, якія размаўляюць па-беларуску. Доўга шукаў назву, бо гуртоў было ўжо шмат і ўсе добрыя назвы паразьбіралі, жартуе Зьміцер.

«Мне пашанцавала — у мяне быў перадрук „Расейска-крыўскага слоўніка“ Вацлава Ластоўскага 1924 году. Спадабалася слова „амарока“. Я яго знайшоў, потым згубіў і зноў знайшоў. Яно клясна гучыць і сэнс файны: азначае памарачэньне сьвядомасьці, або галюцынацыю, або прывід. Да таго ж „амарока“ на літару А, маё прозьвішча таксама на А», — Зьміцер тлумачыць, адкуль узялася назва гурту.

Спачатку музыкі рэпэтавалі ў кватэры бацькоў Афанасенкі на 9-м паверсе дому вуліцы Якубоўскага ў Менску. Стараліся граць удзень, калі суседзі былі на працы, пасьля 17-й гадзіны разыходзіліся. Ніхто ня скардзіўся, усё ціха было, кажа Зьміцер.

«А потым ужо мяне „дагнала“ гісторыя. У нас такі пад’езд складаны: алькаголікі, наркаманы. Сяброў у пад’езьдзе ў мяне амаль не было. Неяк каля пад’езду разгаварыліся зь нейкім суседам, і хлопец кажа: „Мой дзед проста вешаецца ад тваіх барабанаў“. Пытаюся: „А што, так гучна?“ — „Ды капец. Але дзед ня будзе скардзіцца, ён цябе ў прыклад ставіць, кажа: „Хлопец справай займаецца — на бубнах грае, а ты бухаеш у пад’езьдзе“.

А потым мы зьехалі ў гаражы — іх было шмат: на Ўсходніх могілках, у Навінках, каля касьцёлу сьвятога Роха. Рабілі там „гаражнікі“ на чалавек 20, калі на двары было мінус 20. У сядзібе БНФ на Варвашэні, 8 ладзілі канцэрты — чаго толькі не было! Жыцьцё віравала!» — узгадвае Зьміцер.

Выступ гурта "Амарока"

Назва была, калектыў быў. Праз знаёмых музыкаў у траўні 2006 году дамовіліся пра першы выступ — зайграць на «сугрэве» на канцэрце N.R.M. і Лявона Вольскага ў сталічным Палацы мастацтва.

«Успамін на ўсё жыцьцё. Поўная заля, я выйшаў, разгубіўся — вельмі ўсхвалявала тая імпрэза. Здавалася, што тыя дзьве песьні гучалі вечна! Дзякуючы таму, што мы гралі па-беларуску, гэта аказалася запатрабавана і цікава. Спачатку мы гралі цяжкі рок, было крыху сумнавата. Я надумаў, што трэба граць пазытыўную музыку, пазытыўныя песні — няхай гэта будзе аб праблемах, аб сацыялцы, але трэба жартаваць з гэтага ўсяго. Карацей, прыдумалі пазытыўны панк-рок, пазытыўную музыку. і людзям гэта было даспадобы: на канцэртах можна было патанчыць, павесяліцца, завесьці новыя знаёмствы, і ўсё было па-беларуску», — апавядае музыка.

Вельмі дапамагло, што Зьміцер Афанасенка спрычыніўся да адкрыцьця ў 2011 годзе «Арт Сядзібы». У музыкаў зьявілася свая прастора. Гэта дало вялікі штуршок разьвіцьцю гурту.

У 2009 годзе, пасьля закрыцьця сядзібы БНФ на Варвашэні, Зьміцер Афанасенка разам з Франакам Вячоркам і Паўлам Белавусам заснавалі «Арт Сядзібу» — прастору для канцэртаў, выставаў і культурных ініцыятываў. Зь цягам часу яна ператварылася ў моцны асяродак новай беларускай культуры: тут узьніклі вышымайкі, вірусныя акцыі і настолкі, крама Symbal.by.

«Менавіта з «Арт Сядзібы» пачаўся культурніцкі ўздым, які ў выніку прывёў да беларускага культурнага выбуху. Можа, я занадта шмат прыпісваю «Арт Сядзібе», але мне здаецца, што безь яе багата што было б па-іншаму», — выказвае думку Афанасенка.

«Чорныя сьпісы»

15 верасьня 2012 гурту «Амарока» забаранілі канцэрт у клюбе «Салтайм» праз назву імпрэзы — «Вусатая вечарына».

«Можа, чыноўнікам штосьці здалося, але там быў зусім непалітычны кантэкст. Меркавалася, што гэта будзе жартаўлівая імпрэза, дзе ўсе мусілі прычапіць сабе вусы. Карацей, мы з Косьцем, адмінам клюбу „Салтайм“, што ва Ўруччы, надумалі такую „Вусатую вечарыну“ зрабіць. Як толькі апублікавалі абвестку, адміну патэлефанавалі і загадалі скасаваць імпрэзу, „бо будуць праблемы“.

Калі мы ў 2013–14 гадах прэзэнтавалі альбомы Pastka і Virus, там былі ўжо вострапалітычныя песьні. І пачаліся праблемы й забароны. Я думаю, праз тое, што мы ў Кіеве на Майдане выступілі 16 лютага 2014 году, літаральна за тыдзень да пачатку падзеяў. Пра гэта ёсьць дакумэнтальны кліп на песьню Pradajem з альбому Pastka», — апавядае Афанасенка.

Гурт запрашаюць на фэстываль «Амбасовішча» ў рэзыдэнцыі пасла ЗША ў Менску. А потым даволі працяглы час — года паўтара — «Амарока» не магла правесьці ніводнага канцэрту.

«Тады ўжо было патрэбнае гастрольнае пасьведчаньне, а „гастрольку“ атрымаць было амаль немагчыма. Як мы ні спрабавалі, нават не на свой гурт „гастрольку“ браць, ніякія варыянты не давалі выніку. Добра, што была магчымасьць граць за мяжой — нас запрашалі на канцэрты ў Швэцыю, Польшчу.

Зьміцер Афанасенка на сцэне

Гурт павінен выступаць, бо без канцэртаў ён ня можа разьвівацца. Адзінае, што нас ратавала — праз забарону мы прыбавілі ў папулярнасьці, прагляды нашага каналу на ютубе перавысілі 50 тысяч, як і праслухоўваньні на розных стрымінгавых пляцоўках. Да прыкладу, толькі за першы тыдзень пасьля прэзэнтацыі альбом Virus спампавалі больш за 2000 разоў. Нас запрашалі ў розныя праекты як музыкаў, а мяне і як экспэрта. Разам з фанатамі гурту мы выпусьцілі кліп, у якім дзеці з бацькамі танчаць і спяваюць наш гіт „Замятае зіма“. Гэта вельмі цікавы досьвед», — разважае музыка.

У канцы 2016 году Зьміцер ажаніўся, пайшоў вучыцца наноў, пачаў будаваць дом, у сям’і нарадзіўся сын. Выглядала, што займацца яшчэ і музыкай ня будзе часу.

«Праз забароны з канцэртамі было цяжка. Мы з хлопцамі вырашылі, што на пэўны час перапыняем гісторыю: „Амарока“ спыняе існаваньне. Спантанна вырашылі, што пакуль будзе кропка. Хоць і працягвалі ў студыі запісваць новыя песьні і час ад часу іх выпускалі. Я рабіў сынглы: Abdymi, Dzied Tata J Ja. Выступаў сольна з гітарыстам Уладзіславам Лепяшынскім. У 2018 годзе пашанцавала зайграць з „Амарокай“ на імпрэзе ў гонар 100-годзьдзя незалежнасьці БНР каля Опэрнага тэатру», — кажа Зьміцер.

Настолкі і сыход у ІТ

У 2014–2016 гадах, у часы росквіту «Арт Сядзібы» і ўзьнікненьня крамы Symbal.by, Зьміцер Афанасенка захапіўся распрацаваньнем настольных гульняў. Першай стала гульня «Казачнік» — беларуская вэрсія сусьветна вядомай гульні Dixit з ілюстрацыямі ад беларускіх мастакоў. Потым зьявіўся «Багач» — аналяг «Манаполіі» пра стары Менск, дзе грошы былі талеры, а тэксты на тарашкевіцы.

У 2018 годзе Афанасенка сышоў з Symbal.by у ІТ — працаваў у EPAM тэставальнікам праграмнага забесьпячэньня.

Зьміцер Афанасенка

«Крыху інтарэсы разышліся — Symbal.by стала больш пра камэрцыю, чым пра творчасьць, а мне гэта ня надта цікава было. Я рабіў багата розных прынтоў: і торбы, і майкі, розныя прышпільныя штукі. У мяне ўжо нарадзіўся сын Янка, таксама трэба было сям’ю забясьпечваць», — расказаў Афанасенка.

Так творчасьць часова саступіла галоўнае месца працы дзеля забесьпячэньня сям’і.

«2020 год быў — проста жах!»

У 2020 годзе Зьміцер Афанасенка працаваў у амэрыканскай кампаніі WiFi Map. 5 чэрвеня ў яго нарадзіліся дзьве дачушкі — двайняткі. У жніўні раптоўна памёр бацька.

«У мяне 2020 год быў — проста жах, як і ўва ўсіх, напэўна! Нават ня ведаю, што пра яго расказаць… Можна сказаць, што мяне ўратавалі дзеці — я займаўся сям’ёй на 200%, але і на маршы выбіраўся. Двайняты — няпростая справа. Мы з жонкай падзялілі абавязкі: я займаўся адной дачкой, яна другой. Бо пакласьці спаць, пакарміць трэба абедзьвюх адначасова. Цяжка было».

Да вясны 2021 году сям’я Афанасенкаў была ў Беларусі. У сакавіку да іх прыйшлі зь ператрусам. Адначасова ў Горадні прыйшлі да гурту «Дзецюкі», да Алеся Дзянісава.

«Напісалі на нас данос. Я пазьней чытаў тыя даносы, калі „Кібэрпартызаны“ выставілі базу даносаў. І на мяне, і на Дзянісава данос пісала, здаецца, адна і тая ж жанчына з прозьвішчам Дзяркач, хоць гэта розныя часткі Беларусі», — узгадвае ён.

Рэлякацыя

У 2021 годзе Зьміцер працаваў у кампаніі Wargaming. Частка калег ужо выехала ў Вільню. Яму таксама паставілі ўмову — рэлякавацца. Да таго ж пасьля ператрусу ня вельмі камфортна жылося.

«У дзяцей не было яшчэ пашпартоў. Быў ковід — дабрацца да той Вільні можна было толькі самалётам праз Стамбул. З трыма дзецьмі, а дваім не было яшчэ і году, такое падарожжа — той яшчэ трэш. У Вільні затое вольна дыхалася, там ужо шмат беларусаў было, імпрэзы розныя. Пасьля стрэсу было камфортна.

Мы пасяліліся у прыгарадзе Грыгішкес, бо на кватэру ў цэнтры грошай не было. Дзьве рэчкі, лес вакол, недалёка да Трокаў.

Зьміцер Афанасенка з сям'ёй

Я выступаў на сустрэчах „Мова нанова“ і ў Польшчы, абсталяваў сабе хатнюю студыю, добра пісаўся новы матэрыял, дзьве песьні зь якога я выпусьціў — „Зоркі“ на верш Анхэлі Эсьпіносы Руіс і „Паляцім“ на мой верш, напісаны ў выніку перажытых падзеяў 2020 году», — узгадвае Зьміцер.

У лютым 2022 году пачалася вайна Расеі з Украінай, і Wargaming пачаў закрываць праекты ў Вільні. Праект Афанасенкі таксама трапіў пад скасаваньне, узгадвае Зьміцер.

«Пачынаем новы этап ў Амэрыцы»

Жыцьцё ў Літве было напоўнена творчасьцю: хатняя студыя, новыя песьні, выступы. Але вайна, эканамічны ціск і закрыцьцё праекту прымусілі шукаць далейшыя магчымасьці — так пачаўся шлях у ЗША.

«Так, тут таксама нятанная арэнда і агулам жыцьцё. Але тут гэтыя грошы можна зарабіць. Гэта цікавы парадокс. Калі ты штосьці ўмееш і хочаш працаваць — ёсьць мільён мажлівасьцяў, бо ўсё запатрабавана. Зразумела, навіны пра барацьбу зь мігрантамі пужаюць. Але на фоне гэтага людзі жывуць. Працуеш — усё можна купіць, дзеці ходзяць у бясплатную школу. Калі дзеці ня ведалі ангельскай, іх у бясплатную летнюю школу накіравалі. Для прыежджых зь любой краіны шмат дапамогі. І „фудбанкі“ зь бясплатнай ежай даступныя. Карацей, спрабуем пачаць жыцьцё ў Амэрыцы», — апавядае Зьміцер пра першыя ўражаньні ад новай краіны.

Зьміцер Афанасенка

Яго ўражвае колькасьць музычных імпрэзаў, музыка гучыць паўсюль — на вуліцах, на пляжы.

«Мы жывем у апартамэнтах, вакно адчыніш — нехта на піяніна грае, нехта на скрыпцы. Сын пачаў займацца скрыпкай, у яго добра атрымліваецца. Ужо за паўгоду навучыўся прывабна пілікаць. Дзеці музыкальныя — сьпяваюць, танчаць, жонка грае на піяніна.

А я цяпер якраз працую над новымі трэкамі да юбілею „Амарокі“», — апавядае пра пачатак другой эміграцыі Зьміцер Афанасенка.