«Шэнген»: надзея памірае апошняй
Сытуацыя з атрыманьнем шэнгенскіх візаў складаная і асабліва не зьмянілася, сьцьвярджае экспэртка ў галіне турызму, галоўная рэдактарка праекту visaflow.live Анастасія Лысакоўская.
«Грэцыя хоць і заяўляе на сайце аб разглядзе дакумэнтаў за тэрмін да 45 дзён, папраўдзе іх разглядаюць крыху хутчэй: 16–25 дзён у сярэднім. Але візу даюць на адзін тур. Даты ёсьць на бліжэйшы час», — кажа экспэртка.
Аднак тыя, хто падаваў дакумэны на візы, наракаюць на абслугоўваньне ў візавым цэнтры Грэцыі. Спадарыня Ірына нядаўна спрабавала атрымаць там візы для ўсёй сям’і — траіх дарослых і дваіх дзяцей.
«Такое ўражаньне, што спрабуюць злупіць зь людзей як мага больш грошай. Пры запаўненьні анкеты ў адным пункце, здаецца, 10-м, аўтаматычна выскоквае „Belarus“. Памылка сыстэмы. Каб паправіць — наноў запаўняй анкету і плаці 27 рублёў за кожнага дарослага. Узялі 102 рублі за біямэтрыю непаўналетніх дзяцей, якіх нават не было пры падачы. Папрасілі „сямейную“ дастаўку — яна значна таньнейшая, а злупілі за кожны пашпарт асобна. Візы атрымалі пад адну паездку, але „асадачак застаўся“», — кажа Ірына.
«Гішпанія ня радуе нас тэрмінам разгляду — ён вырас да 60 дзён, але папраўдзе мы бачым, што людзям пашпарты вяртаюць праз 45–50 дзён. На канец лета, пачатак восені можна пасьпець», — кажа экспэртка Анастасія Лысакоўская.
Візавы цэнтар у Менску, архіўнае фота
Але візу могуць даць, як паказвае практыка, максымум на 3 месяцы.
«Хто мае нумарок у жывой чарзе ў візавы цэнтар Італіі, можна злавіць удачу (калі пашанцуе), падацца і атрымаць візу. Запісацца, на жаль, нельга, Італія так і не адкрыла запіс на сайце візавага цэнтру», — кажа Анастасія Лысакоўская.
У так званым «лісьце чаканьня» ў візавы цэнтар Італіі больш за 30 тысяч чалавек.
«У Польшчы, калі дзеці з сталым жыхарствам або грамадзянствам запрашаюць бацькоў, старэйшых за 60 гадоў, можна падавацца без запісу. Важна, што прыходзіць у візавы цэнтар трэба з раніцы, бо ёсьць ліміт месцаў для такой падачы.
Звычайны запіс у візавыя цэнтры Польшчы па-ранейшаму складаны, на хуткую падачу разьлічваць ня варта. Што да Нямеччыны, калі вы парупіліся пра візу паўтара года таму, то, магчыма, вы атрымаеце гэтым летам толькі дату падачы», — кажа Анастасія.
А вось Баўгарыя, Румынія і Харватыя ня надта папулярныя ў беларусаў: даюць кароткатэрміновыя візы пад адну паездку. Да таго ж Баўгарыя анулюе візу, калі яе ўладальнікі не паедуць туды.
«На жаль, новых чароўных варыянтаў атрымаць „Шэнген“ не зьявілася», — канстатуе экспэртка Анастасія Лысакоўская.
90 краінаў сьвету
Пасьля разбуральнага ковіднага пэрыяду турыстычная індустрыя ў Беларусі паціху разьвіваецца, кажа супрацоўніца папулярнай беларускай турфірмы, якая дзеля бясьпекі назвалася Аленай. Яна прывяла лічбы: у 2024 годзе беларусы наведалі 90 краінаў сьвету. Колькасьць турыстаў і экскурсантаў, што арганізавана выехалі за мяжу, вырасла з 502 тысяч ў 2023 годзе да 612 тысяч у 2024-м. Рост працягваецца і сёлета.
«На мой погляд, рост зьвязаны з аб’ектыўнымі прычынамі: беларусам стала цяжэй атрымліваць шэнгенскія візы і падарожнічаць самастойна. А тыя, хто любіць вандраваць і прыстойна зарабляюць, не адмаўляюцца ад сваіх звычак. Таму геаграфія крыху зьмянілася. Самымі даступнымі для беларусаў сталі не эўрапейскія краіны, куды неабходны „Шэнген“, а бязьвізавыя: Турэччына, Расея, Эгіпет, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Грузія. Іншыя папулярныя кірункі — Італія, Грэцыя, Кітай, Тайлянд», — кажа прадстаўніца турыстычнага бізнэсу.
Ілюстрацыйнае фота
З эўрапейскіх краінаў беларусаў па-ранейшаму вабяць Францыя, Гішпанія, Вугоршчына. Праўда, замест самалёта турысты туды цяпер вымушаныя дабірацца аўтобусам.
У модзе азіяцкія краіны — найперш Кітай, Тайлянд. А таксама Катар, Віетнам, Інданэзія, Індыя. Набываюць папулярнасьць Куба, Мальдывы — але гэта палёты праз Маскву ці Дубай, атрымліваецца нятанна і даволі доўга. Бывае, турысты просяць арганізаваць туры ў экзатычныя краіны кшталту Дамініканы, Пэру, замаўляюць праз Маскву, — тлумачыць прадстаўніца турбізнэсу.
Бюджэтная Расея
Найбольш беларусы езьдзяць у Расею і Турэччыну. На ўікэнд беларусы па-ранейшаму наведваюць Маскву і Пецярбург — і аўтобуснымі турамі, і на самалёце.
«Папулярныя туры — Санкт-Пецярбург у спалучэньні з Карэліяй (можна ўкласьціся ў 300 даляраў за 6 дзён, аўтобус і цягнік); „Залатое колца“ (Уладзімір, Суздаль, Яраслаўль, Сергіеў Пасад плюс Казань) аўтобусам і цягніком — таксама 6 дзён і прыкладна такая ж цана.
Што да мора, гэта курорты Краснадарскага краю (Сочы, Геленджык, Анапа) — аўтобусны тур на 10 дзён абыдзецца ў 300-500 даляраў. Я не сказала б, што яны супэрпапулярныя — мабыць, далёкая дарога стамляе. Замаўляюць беларусы і даволі дарагія падарожжы — на Байкал, Прыбайкальле, Камчатку (кошт авіятуру вагаецца ад 1600 да 3000 даляраў), на Эльбрус», — кажа Алена.
Дарагая Турэччына
А вось папулярную ў беларусаў Турэччыну бюджэтным адпачынкам ужо не назавеш, ён падаражэў у 1,5–2 разы. Прадстаўніца турфірмы тлумачыць, што істотна даражэйшы пералёт, бо зьмяніўся маршрут і ляцець даўжэй. Дый наагул на турыстычныя паслугі вырасьлі цэны, як і на ўсё.
Турэцкі турыстычны рэгіён Анталья, ілюстрацыйнае фота
Цэны 7-дзённага туру для дваіх на турэцкія курорты пачынаюцца ад 4,5 да 5 тысяч беларускіх рублёў. https://www.softtour.by/ Ляцець у Турэччыну з той жа Літвы ці Польшчы, дзе цэны прынамсі ў паўтара раза меншыя, не выпадае, шанцаў на адкрыцьцё «Шэнгену» вельмі мала. Таму Турэччына зь цёплым морам ў лідэрах сярод беларусаў.
«Сярэднестатыстычны беларус адпачынак у Азіі наўрад ці здужае»
Сьвятлана з мужам апошнія гадоў 20 кожны адпачынак вандруюць. Пры канцы 1990-х куплялі туры ў Баўгарыю, Турэччыну. Крыху пазьней, калі зьявіліся танныя авіялініі, рэзэрвацыя жытла на Booking і Airbnb, самі арганізоўвалі свой адпачынак.
«Мы ня любім выключна пляжны адпачынак, аддаем перавагу падарожжам. Таму прыдумалі, як сумяшчаць тыдзень вандроўкі і некалькі дзён на пляжы. Рабілі шэнгенскія візы (па-рознаму — часам лёгка, часам з праблемамі) і самі арганізоўвалі сабе туры: пералёт зь Вільні ці Варшавы таннымі лініямі Ryanair ці Wizzair, самі замаўлялі жытло — і ў вялікіх гарадах, кшталту Рыму, Барсэлёны, Атэнаў, і на курортах на беразе мора. Вынікала прынамсі на траціну таньней, чым у турыстычным агенцтве, дзе ты прывязаны да пляжу і ў лепшым выпадку можаш замовіць экскурсіі за дадатковыя немалыя грошы», — узгадвае Сьвятлана «даковідныя» часы.
Пасьля пандэміі і пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны самастойна зрабіць шэнгенскую візу ў Беларусі амаль нерэальна, лічыць жанчына. Апошні раз удалося адкрыць «Шэнген» увосень 2022 году ў амбасадзе Грэцыі ў Беларусі — толькі пад адзін тур. У пачатку кастрычніка 2022 году суразмоўца адпачывала на выспах Халькідыкі 10 дзён. І ўсё — больш «Шэнген» атрымаць не ўдалося. Таму ў 2023 годзе паехалі ў тур у Арабскія Эміраты, у 2024-м — у Кітай.
Дубай, ілюстрацыйнае фота
«У цэлым адпачынак у Азіі спадабаўся — раней бывалі толькі ў Эўропе. Пра цэны ў Дубаі нават казаць ня буду: захмарныя! Нятанна было і ў Кітаі. Мы выбралі выспу Хайнань. Ляцелі ў горад Санья праз Маскву — гэта аказалася значна таньней, чым простым рэйсам зь Беларусі. Так што крыху заашчадзілі. Былі там 2 тыдні. Уражаньні незабыўныя, гэта іншая галяктыка», — узгадвае кітайскую выспу Сьвятлана.
Але цэны на кітайскім Хайнані сужэнцаў уразілі. Гатэль быў толькі зь сьняданкамі. Наўмысна бралі такі, каб, па-першае, не прывязвацца да месца, па-другое, каб пакаштаваць мясцовай кухні. Спа, басэйн у гатэлі, усе экскурсіі — платныя.
«Усе забавы, падарожжы, абеды, вячэры абышліся прыкладна мінімум у тры чвэрці ад цаны туру. Шчыра скажу, сярэднестатыстычны беларус адпачынак у Азіі наўрад ці здужае. Мы ўжо пачулі дакор ад дарослага сына: „Ну, бацькі, вы даяце!“ Мы праз пару год выходзім на пэнсію і таксама наўрад ці дазволім сабе адпачынак, далейшы за лецішча», — апавядае Сьвялана.
Але ўвосень зьбіраемся ў Тайлянд, зараз падбіраем тур. Магчыма, гэта будзе «апошняя гастроль», — кажа Сьвятлана.
33-гадовы бізнэсовец Арцём з студэнцкіх гадоў заўсёды меў шэнгенскія візы. Любіў катацца на сноўбордзе ў Славаччыне, Італіі, вандраваць па Эўропе на машыне. Апошні «Шэнген» у яго скончыўся летась. Шмат намаганьняў прыклаў, але пакуль не ўдаецца адкрыць новую візу.
«Я забыўся на „Шэнген“ — высілкаў і грошай пусьціў на вецер шмат, на выхадзе — нуль. Таму з маёй дзяўчынай летась ляталі праз Маскву на Балі, сёлета ўвесну былі ў Віетнаме. Прызнаюся: цэны на Балі шалёныя. Зь сям’ёй і дзецьмі хіба што алігархі могуць сабе дазволіць такі адпачынак. А Віетнам сам сабою — недарагая краіна. Шыкоўныя пляжы, дайвінг, смачная ежа, шмат экзотыкі. Вельмі раю: суадносіны цана — якасьць нармальныя», — кажа Арцём.