Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Intelligence Online: Прэзыдэнт Інданэзіі прылятаў у Беларусь па зброю


Сустрэча Прабава Субіянта і Аляксандра Лукашэнкі ў Менску 15 ліпеня.
Сустрэча Прабава Субіянта і Аляксандра Лукашэнкі ў Менску 15 ліпеня.

Францускае выданьне Intelligence Online 18 ліпеня апублікавала артыкул аб паднаготнай візыту прэзыдэнта Інданэзіі Прабава Субіянта ў Францыю і ўзьніклых складанасьцях з заключэньнем кантрактаў на куплю францускага ўзбраеньня.

Аўтары артыкулалічаць, што нечаканы візыт інданэзійскага лідэра ў Менск пасьля наведваньня Парыжа зьвязаны з жаданьнем купіць узбраеньне ў Беларусі. На публікацыю зьвярнуў увагу партал Reform.news.

Паводле аўтараў артыкулу, візыт прэзыдэнта Інданэзіі Прабава Субіанта ў Францыю, дзе ён быў ганаровым госьцем на сьвяце 14 ліпеня, прайшоў з ускладненьнямі. Ён нечакана адмяніў заплянаваную вячэру з прадстаўнікамі францускага абароннага сэктара (у тым ліку Dassault, Naval Group і Thales), спаслаўшыся на адсутнасьць новых кантрактаў, якія патрабуюць яго ўдзелу. Гэтае рашэньне выклікала зьдзіўленьне ў францускага боку, але афіцыйна названа «зьмена фармату», паведамляе Intelligence Online.

Макрон і сусьветныя лідары ўдзельнічаюць у парадзе на Дзень Бастыліі ў Парыжы 14 ліпеня 2025 года. У тым ліку прэзыдэнт Інданэзіі.
Макрон і сусьветныя лідары ўдзельнічаюць у парадзе на Дзень Бастыліі ў Парыжы 14 ліпеня 2025 года. У тым ліку прэзыдэнт Інданэзіі.

Адной з прычын ахаладжэньня адносін стала дыпляматычная актыўнасьць Францыі, якая дабівалася ад Інданэзіі прызнаньня Ізраіля, што выклікала раздражненьне ў Прабава. У апошнія тыдні ён нават разглядаў магчымасьць адмовы ад візыту ў Парыж, але ў выніку прыбыў, абмежаваўшы зносіны толькі кароткай сустрэчай з прэзыдэнтам Макронам, пішуць аўтары артыкула.

Адзначаецца, што на фоне паслабленьня двухбаковых сувязей, абароннае супрацоўніцтва таксама буксуе. Візыт прэзыдэнта Францыі ў Джакарту ў траўні скончыўся толькі падпісаньнем неабавязвальнага мэмарандума аб продажы зьнішчальнікаў Rafale. Адначасова Інданэзія падпісала кантракт з Кітаем на набыцьцё зьнішчальнікаў J-10, а яе пілёты рыхтуюцца да навучаньня ў КНР.

Хоць кантракт на дзьве падлодкі з францускім Naval Group фармальна пацьверджаны, аванс па ім да гэтага часу не паступіў. Акрамя таго, Інданэзія актыўна абмяркоўвае з Кітаем магчымасьць закупкі кітайскіх субмарын кляса Yuan, што гаворыць аб пашырэньні супрацоўніцтва з Пэкінам.

У іншых сфэрах абароны Інданэзія таксама дыверсыфікуе партнэраў: ракеты Exocet замяняюцца турэцкімі Roketsan, абмяркоўваюцца праекты з ААЭ і Італіяй. Гэта частка стратэгічнага развароту Прабава на ўсход і пошук новых саюзьнікаў, не зьвязаных з Захадам, гаворыцца ў артыкуле.

Асаблівую ўвагу Intelligence Online прыцягнула тое, што пасьля вылету з Парыжа Прабава накіраваўся наўпрост у Менск. Там ён мае намер набыць узбраеньні «з паліцы». Беларусь не экспартуе зброю без узгадненьня з Расеяй, што робіць гэты візыт асабліва адчувальным для Францыі, якая абазначыла Расею як доўгатэрміновую пагрозу ў сваёй новай стратэгічнай дактрыне, лічаць францускія журналісты.

Сам прэзыдэнт Інданэзіі растлумачыў нечаканы візыт у Беларусь перагаворамі аб угнаеньнях.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG