Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін чалавек загінуў у выніку расейскага ўдару па Адэсе. Украінскія дроны атакавалі Маскву


Пашкоджаны жылы будынак пасьля расейскага нападу на Адэсу 19 ліпеня 2025 года.
Пашкоджаны жылы будынак пасьля расейскага нападу на Адэсу 19 ліпеня 2025 года.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што расейскія войскі ўначы выкарысталі супраць Украіны 300 ударных бесьпілётнікаў і больш за 30 ракет розных тыпаў, ад нападу пацярпелі 10 рэгіёнаў.

Гэта Данецкая, Кіраваградзкая, Днепрапятроўская, Сумская, Хэрсонская, Валынская, Запароская, Мікалаеўская, Адэская і Жытомірская вобласьці. Пасьля нападу працягваюцца выратавальныя апэрацыі.

«У Сумах пашкоджана крытычна важная інфраструктура — некалькі тысяч сем’яў засталіся без электрычнасьці. Па Шостцы былі нанесены камбінаваныя ўдары. У Адэсе пашкоджаны жылы дом. Шэсьць чалавек атрымалі раненьні, у тым ліку дзіця. На жаль, адзін чалавек загінуў. Па Паўлаградзе ўдарылі ракетамі і бесьпілётнікамі. «Яны пашкодзілі жылы дом, важную інфраструктуру», — напісаў ён у тэлеграме.

У Адэсе ў выніку начнога нападу Расеі адзін чалавек загінуў, трое атрымалі раненьні, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў у Telegram, што ў ноч на суботу на падлёце да Масквы было зьбіта 13 украінскіх бесьпілётнікаў. Тэлеграм-канал «Асьцярожна, Масква» піша, што бесьпілётнікі зьбівалі ў Істрынскім і Сонечнагорскім раёнах Масквы. Блізкі да расейскіх сілавікоў канал Shot паведамляе, што выбухі былі чутныя ў Нахабіна і Зеленаградзе. У маскоўскіх аэрапортах Дамадзедава і Шарамецьцева ўводзілі абмежаваньні на працу.

Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія рэгіёны з выкарыстаньнем розных відаў зброі — ударных бесьпілётнікаў, ракет, ракетных комплексаў.

Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія падчас паўнамаштабнай вайны зьдзяйсьняе мэтанакіраваныя напады на цывільную інфраструктуру ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы бальніцы, школы, дзіцячыя садкі, абʼекты энэрга- і водазабесьпячэньня.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG