Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэральны суд ЗША абавязаў USAGM выплаціць Радыё Свабода фінансаваньне за астатнюю частку бюджэтнага года


Сядзіба Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Празе
Сядзіба Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Празе

Фэдэральны суд ЗША задаволіў хадайніцтва Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа (RFE/RL) аб папярэдняй судовай забароне ў справе супраць Амэрыканскага агенцтва глябальных мэдыя (USAGM) з той прычыны, што яно не пералічыла сродкі, прызначаныя RFE/RL паводле рашэньня Кангрэса ЗША.

Судзьдзя Ройс Ламбэрт з Фэдэральнага акруговага суду Вашынгтона ў сваім рашэньні ад 18 ліпеня пастанавіў, што USAGM павінна выплаціць RFE/RL астатнюю частку сродкаў, выдзеленых Кангрэсам на фінансавы год 2025. Ён прыйшоў да высновы, што патрабаваньне USAGM аб прыняцьці новых абцяжарлівах умоваў гранта і адсутнасьць сумленных перамоваў з RFE/RL зьяўляюцца парушэньнем закона.

«Наколькі вядома суду, гэта беспрэцэдэнтна, каб дзяржаўнае агенцтва патрабавала ўвядзеньня цалкам новых умоваў у даўнюю партнэрскую працу з грантаатрымальнікам, а затым спыняла перамовы, асабліва калі яно па законе абавязана пералічаць штогадовыя сродкі, выдзеленыя Кангрэсам, менавіта гэтай арганізацыі», — напісаў судзьдзя Ламбэрт.

Пагроза фінансаваньню RFE/RL выклікала хвалю міжнароднай падтрымкі з боку мэдыя-экспэртаў, праваабаронцаў, аналітыкаў і аўдыторыі ў 27 мовах і 23 краінах, дзе вяшчае RFE/RL.

У рашэньні судзьдзя Ламбэрт таксама адзначыў, што «грубае ігнараваньне USAGM сваіх фінансавых абавязкаў» прывяло да «масавых вымушаных адпачынкаў, адмены праграм і непазьбежнага ўрону глябальнаму ўплыву, які RFE/RL выбудоўвала дзесяцігодзьдзямі».

Прэзыдэнт Радыё Cвабодная Эўропа / Радыё Свабода Стывэн Капус.
Прэзыдэнт Радыё Cвабодная Эўропа / Радыё Свабода Стывэн Капус.

Прэзыдэнт RFE/RL Стывэн Капус назваў гэта рашэньне «вынікам няспыннай юрыдычнай працы, скіраванай на тое, каб прымусіць USAGM выдзеліць неабходнае фінансаваньне для выкананьня жыцьцёва важнай місіі RFE/RL».

«Гэтая перамога дае нашым журналістам неабходны імпульс, каб працягваць штотыдзень зьвяртацца да амаль 47 мільёнаў чалавек, якія спадзяюцца на нашу журналістыку як крыніцу праўды і супрацьстаяць зламыснай прапагандзе аўтарытарных урадаў», — сказаў ён.

«Сёньня як ніколі мы ня можам саступіць інфармацыйную прастору тыранам», — дадаў Капус і падкрэсьліў, што дзякуючы рашэньню суда «RFE/RL можа і надалей спрыяць абароне нацыянальных інтарэсаў ЗША».

  • USAGM — незалежнае фэдэральнае агенцтва ЗША, якое ажыцьцяўляе трансьляцыю навін і інфармацыі больш чым на 60 мовах для аўдыторыі звыш 400 мільёнаў чалавек штотыдзень.
  • Агульны бюджэтны запыт USAGM на фінансавы год 2025 склаў $950 мільёнаў, што ахоплівае ўсе апэрацыі і інвэстыцыйныя праекты агенцтва.
  • У гэты бюджэт уваходзяць мэдыяструктуры, такія як RFE/RL, «Голас Амэрыкі» (Voice of America), «Радыё Свабодная Азія» (Radio Free Asia), Бюро па трансьляцыі на Кубу (Radio Marti), Middle East Broadcasting Networks (MBN) і Open Technology Fund.
  • Паводле дакумэнтаў USAGM, бюджэтны запыт на 2025 год толькі для RFE/RL склаў каля $153 мільёнаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG