Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад канфлікту да дыялёга. Замежная палітыка Беларусі ў пошуках раўнавагі


Аляксандар Лукашэнка, 23 траўня 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка, 23 траўня 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

У замежнай палітыцы Беларусі адначасова рэалізуюцца два процілеглыя трэкі. Адзін зь іх арыентаваны на супрацьстаяньне з Захадам, другі — на дыялёг зь ім. Яны дрэнна сумяшчаюцца, часам узаемна нэўтралізуюць адзін другога. І абодва моцна залежыць ад вонкавых працэсаў.

Сьцісла:

  • Назіраецца трэнд на абвастрэньне адносін Беларусі з суседзямі. Ён арганічна ўпісваецца ў новы этап эскаляцыі дачыненьняў паміж Расеяй і Захадам.
  • Трэк, арыентаваны на канфлікт з Захадам набыў уласную інэрцыю і рух па ім адбываецца нібы ў аўтаматычным рэжыме. А процілеглы трэк на дыялёг патрабуе шмат высілак.
  • Афіцыйнаму Менску даводзіцца рэагаваць на вонкавыя працэсы. Часам гэта адбываецца неўпапад.

На міжнародным парадку дня — новае абвастрэньне дачыненьняў паміж Расеяй і Захадам. Адміністрацыя ЗША бярэ курс на пастаўку сучаснай зброі Ўкраіне, Дональд Трамп паабяцаў увесьці жорсткія санкцыі супраць РФ, калі Крэмль ня спыніць вайну. Эўразьвяз ухваліў 18-ы пакет санкцыяў за вайну Расеі ва Ўкраіне.

Гэтае абвастрэньне наўпрост тычыцца Беларусі. Новыя санкцыі ЭЗ закранаюць беларускія банкі, кампанію «Легмаш», ВПК.

У гэты трэнд арганічна ўпісваецца абвастрэньне адносін Беларусі з суседзямі. 10 ліпеня з боку Беларусі ў Літву заляцеў бесьпілётнік «Гербера» расейскай вытворчасьці. З гэтай нагоды Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту з рашучым пратэстам і патрабаваньнем тлумачэньняў.

Амаль адначасова адбылася эскаляцыя канфлікту на беларуска-польскай мяжы. 16 ліпеня міністар нацыянальнай абароны Польшчы Ўладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў аб нарастаньні агрэсіі з боку мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Польшчу з беларускай тэрыторыі. Паводле яго, польскія жаўнеры падвяргаюцца нападам не толькі з камянямі, але і з бутэлькамі, напоўненымі гаручымі вадкасьцямі.

Згодна з праведзеным інфармацыйнай агэнцыяй «Позірк» аналізам, з пачатку года Польшча перадухіліла 16,3 тыс. спроб незаконнага пранікненьня мігрантаў з беларускай тэрыторыі, у тым ліку за 16 ліпеньскіх дзён — 1,7 тыс.

У межах гэтага самага трэнду на абвастрэньне адносін з Захадам варта адзначыць сумесныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад 2025», якія пройдуць тут у верасьні і моцна напружваюць суседнія краіны. Таксама пад Асіповічамі актыўна будуецца інфраструктура для разьмяшчэньне тактычнай ядзернай зброі. Да канца году паабяцана зьяўленьне ў Беларусі расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік». Плюс да ўсяго гэтага новая, больш моцная хваля палітычных рэпрэсій, якую назіраюць праваабаронцы. Ужо не кажучы пра агрэсіўную рыторыку, якую дэманструе Лукашэнка і іншыя афіцыйныя асобы.

Усе гэтыя падзеі ёсьць інэрцыя працэсу, запушчанага ў 2020 годзе і атрымаўшага паскарэньне з пачаткам нападу Расеі на Ўкраіну.

Аднак адначасова год таму быў запачаткаваны процілеглы трэк. Адбылася цэлая сэрыя памілаваньняў палітвязьняў, што ўсе расцанілі як сыгналы Захаду з прапановай пачаць дыялёг. Была заява беларускіх вайскоўцаў пра зьмяншэньне маштабу вучэньняў «Захад 2025» і пераносу іх далей ад мяжы. Кульмінацыяй гэтага трэку стаў візыт у Менск спэцпрадстаўніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага. Яшчэ можна адзначыць прапанову беларускага боку Польшчы правесьці перамовы па лініі вэрыфікацыйных ведамстваў з дапамогай тэлефоннай або відэасувязі дзеля зьніжэньня патэнцыйных рызык узброеных сутыкненьняў.

Вось такія два процілеглыя трэкі адначасова рэалізуюцца ў замежнай палітыцы Беларусі. Яны дрэнна сумяшчаюцца, часам узаемна нэўтралізуюць адзін другога.

Прычым, калі першы трэк, арыентаваны на супрацьстаяньне з Захадам мае характар каляі, набыў уласную інэрцыю і рух па ім адбываецца нібы ў аўтаматычным рэжыме, то процілеглы трэк на дыялёг патрабуе шмат высілак, бо адбываецца на супрацьходзе з лініяй афіцыйна дэкляруемага мэйнстрыма.

Але ўся праблема ў тым, што цяпер замежная палітыка Беларусі моцна залежыць ад вонкавых працэсаў. Ад дачыненьнях паміж Расеяй і ЗША, ад гатоўнасьці ЭЗ стаць моцным суб’ектам палітыкі, ад таго, як закончыцца расейска-ўкраінская вайна і іншых чыньнікаў. Застаецца толькі правільна ацаніць гэтыя вонкавыя абмежавальнікі і адэкватна на іх рэагаваць. Атрымліваецца не заўсёды ўдала.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG