Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад дзіцячых ілюстрацыяў да сусьветнай сэнсацыі: гісторыя стваральніка Лабубу


Цацкі Лабубу з крамы «The Monsters» ад Pop Mart на выставе ў дызайнэрскай краме цацак. Дубай, 18 траўня 2025 году
Цацкі Лабубу з крамы «The Monsters» ад Pop Mart на выставе ў дызайнэрскай краме цацак. Дубай, 18 траўня 2025 году

Маленькія зубастыя монстры Лабубу сёлета выклікалі ўсясьветны фурор. Зоркі шоў-бізнэсу чапляюць гэтыя плюшавыя бірулькі на свае торбачкі й запаўняюць імі сацыяльныя сеткі. Ад Лісы з K-pop-гурту BLACKPINK да сьпявачкі Рыяны і Кім Кардаш’ян — шмат знакамітасьцяў заўважылі зь мілаю пачвараю Лабубу.

Адна з рэдкіх фігурак Лабубу нядаўна пайшла з малатка ў Пэкіне больш як за 1 мільён юаняў (каля $150 000). Здаецца, сьвет ашалеў ад Лабубу. За гэтым фэномэнам стаіць ціхі мастак — 53-гадовы ўраджэнец Ганконгу Лун Цзяшэн.

Лун Цзяшэн нарадзіўся ў 1972 годзе ў Ганконгу і яшчэ дзіцём разам з бацькамі пераехаў у Нідэрлянды. Дзіцячыя гады ён правёў у Утрэхце бязь відэагульняў і кампутараў — затое з алоўкам у руцэ і мноствам зборнікаў эўрапейскіх казак перад вачыма.

«Не было ні гульнёвых прыставак, ні кампутараў, таму даводзілася самотна маляваць цацкі ў сшытку. Я выдумляў свае казкі з маленства», — узгадвае Лун часы, калі зачытваўся гісторыямі пра эльфаў і фальклёрнымі легендамі, якія вызначылі яго мастацкі стыль.

Пазьней Лун вучыўся, кар’еру ілюстратара пачаў у Бэльгіі, дзе нават стаў першым кітайскім мастаком, які атрымаў нацыянальную прэмію за ілюстрацыю. Працуючы ў Антвэрпэне, ён стварыў цэлы сусьвет пэрсанажаў — калекцыю дзіўных істотаў, якіх аб’яднаў у сэрыю «The Monsters» («Пачвары»). Сярод пачварак — зайцападобны зубасты Лабубу, а таксама Спукі, Зімомо, Тайкоко ды іншыя.

Людзі разглядаюць лялькі Лабубу ў флягманскай краме Pop Mart у Шанхаі, Кітай, 13 чэрвеня 2025 году
Людзі разглядаюць лялькі Лабубу ў флягманскай краме Pop Mart у Шанхаі, Кітай, 13 чэрвеня 2025 году

У 2015 годзе Лун Цзяшэн упершыню паказаў публіцы Лабубу — пэрсанажа, прыдуманага ім для ўласнай ілюстраванай кнігі «The Monsters». Вобраз Лабубу натхнёны прыродай Паўночнай Эўропы і скандынаўскімі мітамі, якія зачароўвалі мастака зь дзяцінства.

Лабубу паўстае як маленькі лясны эльф ростам з кацяня, з доўгімі завостранымі вушамі і шырокай усьмешкай, што адкрывае вострыя зубкі. Гэтая пачварка з гарэзьлівым абліччам — добразычлівае і дапытлівае дзіця лесу. Аўтар прызнаецца, што ўклаў у ляльку частку ўласнага характару: «Пэўныя рэчы, якія мне самому хацелася зрабіць, але бракавала сьмеласьці, я дазваляю зрабіць Лабубу», — кажа Лун пра сваё тварэньне.

У 2019 годзе быў пераломны момант у гісторыі Лабубу — мастак падпісаў ліцэнзійную дамову з буйной кітайскай кампаніяй Pop Mart. Гэты рынкавы гігант спэцыялізуецца на так званых «сьляпых боксах» — калі фігуркі прадаюцца ў зачыненых скрыначках навобмацак, і пакупнік ня ведае, якая менавіта трапіцца. Партнэрства з Pop Mart дазволіла вывесьці Лабубу зь нішавага аўтарскага праекту на масавы рынак: зубастыя эльфы пачалі прадавацца ў сотнях мадыфікацыяў у фармаце таемных скрынак.

Крама Pop Mart у Бангкоку, Тайлянд, 25 красавіка 2024 году
Крама Pop Mart у Бангкоку, Тайлянд, 25 красавіка 2024 году

Сапраўдная Labubu-ліхаманка пачалася ў 2023–2025 гадах, калі да калекцыянэраў далучыліся інфлюэнсэры і зоркі. Першай, хто «вывела ў людзі» чароўную пачварку, стала тайская сьпявачка Ліса з BLACKPINK, якая начапіла плюшавага Лабубу на сваю дарагую торбачку Hermès і паказалася зь ім перад камэрамі.

За ёй яскравую цацку прычапіла да свайго Louis Vuitton поп-дыва Рыяна. Потым «зубастага эльфа» пабачылі ў руках мадэляў на Тыдні моды ў Міляне і ў цэлых калекцыях стрытстайлу. У Instagram і TikTok пачалі зьяўляцца тысячы відэа і допісаў з гэштэгам #labubu — ад распаковак скрынак да аглядаў новых фігурак. Дзякуючы гэтаму віруснаму ажыятажу пра Лабубу даведаліся далёка па-за колам гік-фанаў.

Чалавек з прымацаванай да сумкі лялькай Лабубу каля флягманскай крамы Pop Mart у Шанхаі, Кітай, 13 чэрвеня 2025 году
Чалавек з прымацаванай да сумкі лялькай Лабубу каля флягманскай крамы Pop Mart у Шанхаі, Кітай, 13 чэрвеня 2025 году

Лялек Лабубу пачалі купляць ува ўсім сьвеце, нягледзячы на рост цэнаў: эксклюзіўныя асобнікі на аўкцыёнах каштавалі сотняў тысяч даляраў, а звычайныя фігуркі на другасным рынку падаражэлі ў некалькі разоў.

Pop Mart жа на хвалі гэтага посьпеху імкліва ўзьляцеў на біржы. Акцыі кампаніі стралялі ўгару, падвоіўшы яе продажы за год, і старшыня Pop Mart Ван Нін папоўніў шэрагі наймаладзейшых мільярдэраў Кітаю.

Сам Лун Цзяшэн ня стаў алігархам, але атрымаў нешта больш каштоўнае: сусьветную вядомасьць свайго пэрсанажа і прызнаньне ў мастацкіх колах. Яго ілюстрацыі з Лабубу трапілі нават на вокладкі глянцавых часопісаў, а ў галерэях Пэкіну і Токіё прайшлі першыя пэрсанальныя выставы мастака.

Цацкі Лабубу перад міжнародным аўкцыёнам у Пэкіне, Кітай, 6 чэрвеня 2025 году
Цацкі Лабубу перад міжнародным аўкцыёнам у Пэкіне, Кітай, 6 чэрвеня 2025 году

Нягледзячы на шалёны камэрцыйны посьпех Лабубу, Лун Цзяшэн застаецца перадусім апавядальнікам. Ён прызнаецца, што перш плянаваў выпускаць па адной ілюстраванай кніжцы штогод, знаёмячы чытачоў з рознымі пэрсанажамі свайго сусьвету «The Monsters». Раптоўная слава Лабубу перабіла гэтыя пляны, аднак Лун па-ранейшаму ставіць гісторыю вышэй за прыбытак ад продажаў. «Лабубу — гэта ня проста цацка, гэта пэрсанаж з сваёй гісторыяй», — падкрэсьлівае ён. Мастак дагэтуль малюе і творыць у сваіх майстэрнях у Ганконгу і Антвэрпэне, захоўваючы ціхую адданасьць фантазіі і памяці дзяцінства. Цяпер Лун Цзяшэн імкнецца вярнуцца да вытокаў — рыхтуе новую кнігу, каб расказаць гісторыю паходжаньня Лабубу наступнаму пакаленьню чытачоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG